Сацыял-дэмакратаў высяляюць з офіса
4- 24.08.2009, 11:36
Па рашэнні суда Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) павінна вызваліць памяшканне, у якім размяшчаецца галаўны офіс партыі.
Пра гэта карэспандэнту «БДГ» 23 жніўня паведаміў старшыня партыі Анатоль Ляўковіч. Рашэнне суду паставіла пад пагрозу існаванне партыі. Справа ў тым, што, паводле беларускага заканадаўства, у выпадку страты юрыдычнага адрасу партыя падлягае ліквідацыі.
«Суд прыняў рашэнне, паводле якога мы абавязаныя вызваліць займанае памяшканне да 15 кастрычніка. Таму высяляцца нам прыйдзецца адназначна», - канстатаваў Анатоль Ляўковіч. Партыйны лідэр адзначыў, што ў сувязі з прынятым рашэннем партыя пастаўленая ў цяжкае становішча.
«Рашэнне аб высяленні нас з займанага памяшкання паставіла партыю ў цяжкае становішча. Знайсці новы юрыдычны адрас будзе не так проста. З іншага боку, па беларускім заканадаўстве, калі партыя губляе юрыдычны адрас, яна падлягае ліквідацыі. Можна сказаць, што створаная прававая аснова, якая паставіла пад пагрозу існаванне партыі», - лічыць Анатоль Ляўковіч.
У хуткім часе партыя плануе разгледзець пытанне пра пошук новага юрыдычнага адрасу на паседжанні калегіяльнага органа. «Сітуацыя, якая склалася, будзе разгледжаная на ЦК партыі. Час на пошук новага юрыдычнага адрасу ў нас яшчэ ёсць», - падкрэсліў першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі.
У сваю чаргу, старшыня партыі Анатоль Ляўковіч адзначыў, што новы юрыдычны адрас яго арганізацыя будзе шукаць па ўсёй рэспубліцы. «Былі часы, калі юрыдычны адрас партыі знаходзіўся ў Пухавічах, у Берасці. Шукаць новы юрыдычны адрас мы будзем па ўсёй краіне. Хацелася б, вядома, каб ён у быў у нас у Менску», - рэзюмаваў Анатоль Ляўковіч.
У цяперашні час Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) арандуе ў жыллёва-будаўнічага кааператыва памяшканне. Па адрасе гэтага памяшкання зарэгістраваныя цэнтральны офіс партыі, Менская гарадская арганізацыя і яшчэ чатыры раённыя партыйныя структуры. Дамова на арэнду была заключаная ў 2006 годзе тэрмінам на пяць гадоў. На момант заключэння дамовы памяшканне, якое збіралася арандаваць партыя, патрабавала рамонту.
З ранейшым кіраўніцтвам жыллёва-будаўнічага кааператыва партыя дамовілася, што самастойна правядзе рамонт памяшкання. Пры гэтым у заключанай дамове арэнды было пазначана, што грошы, выдаткаваныя на рамонт, будуць залічаныя ў кошт арэнднай платы за памяшканне. Аднак новы старшыня ЖБК умовы падпісанай дамовы арэнды не прыняў і запатрабаваў ад партыі плаціць штомесяц 10 еўра за квадратны метр памяшкання, якое арандуецца.
У сваю чаргу БСДП (Грамада) заявіла, што плаціць такія грошы за арэнду офіса не ў стане і запатрабавала вярнуць ёй грошы, выдаткаваныя на рамонт памяшкання. У канцы ліпеня гаспадарчы суд Менска, які разглядаў справу аб высяленні партыі з займанага памяшкання, прызначыў пасярэдніка для ўрэгулявання сітуацыі паміж ЖБК і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада).
У сувязі з рашэннем суда ў жніўні праходзіла паседжанне пасярэдніцкай камісіі. «Кампраміс на паседжанні пасярэдніцкай камісіі знойдзены не быў», - паведаміў Ігар Маслоўскі. Новае паседжанне суда праходзіла на мінулым тыдні. Суд стаў на бок ЖБК, прымусіўшы тым самым партыю шукаць новы галаўны офіс.