Зміцер Бандарэнка: «Прыйшоў час сумесных дзеянняў»
2- 28.08.2009, 15:50
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» лічыць, што дэмакраты Беларусі і Расеі павінны разам супрацьстаяць дыктатарскім рэжымам.
Зміцер Бандарэнка падзяліўся сваімі ўражаннямі пра беларуска-расейскую канферэнцыю «Беларусь-Расея: ратацыя ці перазагрузка?», якая адбылася 27 жніўня ў Менску.
«Хацеў бы адзначыць вельмі высокі ўзровень канферэнцыі, таму што расейскія госці, якія прыехалі – Нямцоў, Рыжкоў, Мілаў, Гозман, Яшын, Аляксашанка, Фёдараў – сапраўдныя зоркі расейскай палітыкі і экспертнай супольнасці. Упэўнены, што сваё слова ў Расеі яны яшчэ скажуць. Форум сабраў таксама шмат каго з лідэраў беларускай апазіцыі, вядучых незалежных эканамістаў і аналітыкаў», - заявіў Зміцер Бандарэнка ў інтэрв’ю «Еўрапейскай Беларусі».
Стаўленне расейцаў да сітуацыі ў Беларусі істотна змянілася.
«У шмат чым падыходы расейскіх дэмакратаў сёння змяніліся, -- сцвярджае Зміцер Бандарэнка.—Калі яшчэ некалькі год таму можна было пачуць ідэі пра тое, што дэмакратыя ў Беларусь прыйдзе толькі з Масквы, то на канферэнцыі мы ўжо чулі ад іх прадказанні аб тым, што Беларусь абавязкова стане сябрам Еўрапейскага Звяза, а магчыма, і НАТА, што аднаўленне дэмакратыі ў Беларусі адбудзецца раней за Расейскую Федэрацыю.
Слухая выступоўцаў, лавіў сябе на думцы, што менавіта так званая «саюзная дзяржава» на доўгія гады перапыніла працэс натуральных зносін, абмена ідэямі і досведам паміж палітыкамі, эканамістамі і экспертамі дзвюх краін».
Як адзначае каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», расейская і беларуская дэмакратычная апазіцыя павінны скаардынаваць свае дзеянні ў барацьбе з дыктатарскімі рэжымамі.
«Згодны са сцвярджэннем Барыса Нямцова, што гэтая беларуска-расейская сустрэча насіла некалькі акадэмічны характар, -- заяўляе Зміцер Бандарэнка. -- І што для расейскай і беларускай апазіцыі больш важным з'яўляецца абмеркаванне спосабаў барацьбы са сваімі рэжымамі.
У сваім выступе я акурат казаў аб тым, што прыйшоў час выпрацоўкі агульнай стратэгіі дзеянняў дэмакратаў Беларусі і Расеі, як унутры нашых краін, так і на міжнароднай арэне. Праблемы ў нас агульныя. А сумесная барацьба стане закладам таго, што ў будучыні эліты дэмакратычнай еўрапейскай Беларусі і дэмакратычнай Расеі змогуць паспяхова знаходзіць агульную мову».