Жыхары Наваградка патрабуюць вызваліць палітвязняў (Фота)
1- 3.08.2009, 12:18
Інфармацыйная кампанія «Свабоду Арцёму Дубскаму» працягваецца ў рэгіёнах Беларусі.
Штодня на вуліцах беларускіх гарадоў з'яўляюцца партрэты палітвязня Арцёма Дубскага, які быў асуджаны на год пазбаўлення волі па «справе 14-ці». Моладзевыя актывісты патрабуюць ад беларускіх уладаў улічваць меркаванне міжнароднай супольнасці і спыніць пераслед беларусаў па палітычных матывах.
Новыя партрэты ўдзельніка «Працэсу 14-ці» Арцёма Дубскага днямі з'явіліся ў Наваградку (Гарадзенская вобласць). Актывісты «Маладога фронту» расклеілі фатаграфіі палітвязня на ліхтарных слупах, сценах будынкаў і прыпынках грамадскага транспарта.
Нагадаем, што 7 ліпеня Арцём Дубскі быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці». У 2008 годзе моладзевы актывіст быў вымушаны з'ехаць ва Украіну ў сувязі з тым, што супрацоўнікі міліцыі вынеслі яму два надуманыя папярэджанні аб парушэнні правілаў адбыцця пакарання. Дубскі быў затрыманы 13 лютага 2009 года ў Гомелі.
«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.
За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежаванні волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.





