Кіраўнік Вярхоўнага суда адмовіўся сустракацца са сваякамі асуджаных
3- 3.08.2009, 14:16
Безвынікова скончыўся чарговы паход актывістак ініцыятывы «Жанчыны супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» да Валянціна Сукалы.
Група жанчынаў, сваячак асуджаных, а таксама нязгодных з рашэннямі судоў, 3 жніўня накіраваліся на сустрэчу з старшынём Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам. Як паведамляе газета «Наша Ніва», жанчыны хацелі звярнуць увагу Сукалы на асаблівасць адносінаў з чыноўнікамі Вярхоўнага суда, а менавіта - на вялікую колькасць адпісак з іх боку. Аднак Валянцін Сукала не прыняў дэлегацыю. Група жанчынаў пакінула запіс у кнізе скаргаў суда.
«Яны паабяцалі прыходзіць у суд штомесяц, да таго часу, пакуль іх не прыме старшыня», -- паведаміла праваабаронца Тамара Сяргей.
Гэта не першы безвыніковы візіт жанчынаў у Вярхоўны суд. 7 ліпеня гэтага года Валянцін Сукала адмовіўся сустракацца з дэлегаткай ад групы жанчынаў Галінай Юбко. Адмова быў патлумачаная тым, што суд разглядае толькі індывідуальныя скаргі і не займаецца калектыўнымі. Сённяшняя адмова Вярхоўным судом не была пракаментаваная.