Сёння Міжнародны дзень зніклых
10- 30.08.2009, 13:13
Справы палітычных выкраданняў у Беларусі ўсё яшчэ не раскрытыя. 30 жніўня свет адзначае Міжнародны дзень зніклых людзей, які супадае з днём народзінаў беларускага дыктатара.
Паводле дадзеных МУС, каля 2 тысяч беларускіх грамадзян лічацца зніклымі, адзначае «Радыё Свабода». Сотні людзей знаходзяць даволі хутка — як выяўляецца, яны пакідаюць свае дамы ў выніку канфлікту з роднымі, а потым вяртаюцца. У міліцыі кажуць, што лёсы прыкладна тысячы зніклых цягам году-двух стануць вядомымі, але да гэтага часу з’явяцца новыя зніклыя.
Ёсць сярод зніклых беларусаў і катэгорыя, існавання якой улада не прызнае. Гаворка ідзе пра зніклых палітыкаў Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, прадпрымальніка Анатоля Красоўскага. Іх справы вядуцца з 1999 года, але таямніца знікнення не раскрытая. Таксама ёсць справа аператара ОРТ Змітра Завадскага, які знік у 2000 годзе. Па справе Завадскага быў суд, тры чалавекі былі асуджаныя. Асуджаныя сваёй віны не прызналі, цела журналіста не знойдзена дагэтуль.
Святлана Завадская лічыць, што канчатковае расследаванне спраў пра палітычна матываваныя знікненні немагчымае пры цяперашнім рэжыме.
«Што варта сказаць сёння? Трэба, каб грамадская супольнасць была больш актыўная, каб больш рашуча патрабавала ад уладаў незалежнага расследавання гэтых спраў. Можа тады што-небудзь зрушыцца з мёртвай кропкі», -- заяўляе Святлана Завадская.
Па дадзеных ініцыятывы «Мы памятаем» і Фонда імя Змітра Завадскага, у 1999-2000 гадах у Беларусі былі выкрадзеныя ці памерлі пры загадкавых акалічнасцях каля 20 чалавек. Сярод іх - былы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі Віктар Ганчар, грамадскі дзеяч і бізнэсмэн Анатоль Красоўскі, якія былі выкрадзеныя 16 верасня 1999 года ў Менску. Былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка знік 7 траўня 1999 года. Тэлеаператар ОРТ Зміцер Завадскі быў выкрадзены 7 ліпеня 2000 года ў аэрапорце Менска.
Выкраданні адбыліся ў перыяд з вясны 1999-га да лета 2000-га года, то бок – напярэдадні выбараў прэзідэнта Беларусі, якія прайшлі 9 верасня 2001 года. У той жа час Дзяржаўны дэпартамент ЗША патрабаваў пільнага расследавання акалічнасцяў выкрадання Захаранкі, Ганчара, Завадскага і Красоўскага. У арганізацыі выкраданняў падазраюць супрацоўнікаў сілавых структур Беларусі.
У 2004 годзе Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю, у якой патрабавала ад беларускіх улад правесці незалежнае расследаванне па справе выкрадзеных.
Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Савета бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру СОБРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазронаў у іх дачыненні да выкраданняў апазіцыянераў.
Варта адзначыць, што Міжнародны дзень зніклых людзей дзіўным чынам супадае з днём народзінаў беларускага дыктатара.