Ля штаб-кватэры ААН пройдуць акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязняў
2- 7.08.2009, 12:43
Акцыі перад будынкам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Ёрку правядуць 9 жніўня актывісты Беларускага моладзевага руху Амерыкі.
«У Беларусі, нягледзячы на абвешчаную «лібералізацыю», працягваюць з'яўляцца новыя палітвязні, -- кажацца ў заяве арганізатараў дэманстрацыі, «Беларускага моладзевага руху Амерыкі». -- У лютым 2009 года былі арыштаваныя лідэры прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў, Уладзімір Асіпенка. 7 ліпеня да аднаго году пазбаўлення волі быў асуджаны актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі. Аўтуховіч і Лявонаў - былыя палітвязні, прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманых абвінавачваннях за абарону правоў прадпрымальнікаў. Дубскі раней быў прысуджаны да абмежавання волі па сумна вядомай «справе 14-ці».
Актывісты «Беларускага моладзевага руху Амерыкі» таксама адзначаюць, што ў Беларусі працягваецца так званы «палітычны прызыў».
«Працягваюць служыць у арміі палітычныя прызыўнікі: Іван Шыла, Зміцер Хведарук і Франак Вячорка, -- кажацца ў звароце. -- Застаюцца абмежаванымі ў сваіх правах моладзевыя актывісты, прысуджаныя да абмежавання волі за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў».
«Беларускі моладзевы рух Амерыкі» заклікае змагацца за дэмакратычнае развіццё і нацыянальнае адраджэнне Беларусі.