Следчыя апісваюць маёмасць ваўкавыскіх прадпрымальнікаў
2- 18.09.2009, 17:44
У канцы кастрычніка-пачатку лістапада ўжо можа адбыцца судовы працэс над палітвязнямі.
17 верасня ў сям’і прадпрымальніка Уладзіміра Асіпенкі следчыя МУС апісалі маёмасць. Для ажыццяўлення гэтай, увогуле, фармальнай працэдуры ў Ваўкавск прыехаў кіраўнік следчай групы па справе Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Юрыя Лявонава, начальнік упраўлення па расследаванні асоба цяжкіх злачынстваў мінулых гадоў Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Міністэрства ўнутраных спраў РБ Віктар Клачко.
«Ператрусы не праводзілі. Вярталі маёмасць, якую забіралі пры затрыманні бацькі, і апісвалі маёмасць. Сказалі, следства падыходзіць да канца і ў канцы кастрычніка можа быць суд», - распавяла дачка палітвязня Людміла Асіпенка.
Пракаментаваць дадзены факт сайт www.charter97.org папрасіў давераную асобу сям'і Мікалая Аўтуховіча, вядомага праваабаронцу Алега Воўчака.
«Гэта стандартная працэдура - накладанне арышту на маёмасць. Судзячы па ўсім, следства падыходзіць да канца. Я лічу, што гэта адна з завяршальных стадый. Калі б спынялі крымінальную справу – арышт на маёмасць не накладалі б. Гэта сігнал (тым больш паколькі сам Клачко прыехаў у Ваўкавыск), што хутка будзе азнаямленне з матэрыяламі справы і яе накіруюць да пракурора, а пасля у суд.
Пра тое, як праходзіць расследаванне, сказаць цяжка, усё трымаецца ў таямніцы. Адвакатам забаронена штосьці казаць. Усё зможам даведацца на адкрытым судовым працэсе, але я на 99 адсоткаў упэўнены, што працэс будзе закрытым. Як і працэс па справе аб выкраданні Зміцера Завадскага, як і суд па справе амерыканскага юрыста Эмануіла Зельцэра. А у лістападзе, калі Еўразвяз будзе разглядаць пытанне санкцый, скажуць: якія гэта палітвязні? Лукашэнка зноў будзе разводзіць рукамі і казаць: у нас такая судовая сістэма….», - заявіў Алег Воўчак.
Нагадаем, што 8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).
Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.
Ваўкавыскага прадпрымальніка Юрыя Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. У дачыненні да яго спыненыя следчыя дзеянні.