Беларускія археолагі знайшлі сенсацыйнае пахаванне
15- 22.09.2009, 16:57
Падчас раскопак Друдскага кургана ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці быў знойдзены старажытны паганскі саркафаг і чалавечы чэрап, які ў ім захаваўся.
Пра гэта сёння паведаміла загадчыца цэнтра Інстытута гісторыі НАН Беларусі доктар гістарычных навук Вольга Ляўко, перадае БелТА.
Археолагі знайшлі калектыўную ўсыпальню адначасовага захавання. Усяго 38 пахаванняў было знойдзена навукоўцамі. На думку спецыялістаў, парэшткі целаў маглі належаць да ваяроў, паколькі рост амаль кожнага пахаванага чалавека дасягаў двух метраў. Што цікава, на парэштах аднаго з ваяроў знайшлі каўнерык з арнаментам візантыйскага ўзору.
У цэнтры пахавання знаходзіцца каменнае надмагілле, а ўнутры саркафага – чалавечы чэрап. Датычна паходжання знойдзенага пахавання, загадчыца цэнтра адзначыла, што мае месца нейкае ваеннае бедства. Аднак якая менавіта падзея прывяла да гэтага, навукоўцам цяжка сказаць.
Як адзначыла Вольга Ляўко, Друдскі курган не мае аналагаў. Ён уяўляе сабой адзіны курган ва Усходняй Еўропе, створаны па паганскім абрадзе і ўключаючы каменнае надмагілле. Пры гэтым знаходка датуецца прыблізна ХI-ХII стагоддзямі.