Новы ўказ Лукашэнкі -- многіх беларусаў не выпусцяць за мяжу
39- 25.09.2009, 11:54
Лукашэнка падпісаў закон, які вызначае новы парадак выезду з краіны і ўезду ў яе грамадзянаў Беларусі.
Праз паўгады, калі закон уступіць у сілу, у спіс невыязных стане патрапіць значна прасцей, паведамляе «Ежедневник».
Самае вялікае новаўвядзенне, якога даўно чакалі жыхары Беларусі, датычыць парадку выезду за мяжу непаўнагадовых грамадзянаў у суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў. У адпаведнасці з новым законам дзеці змогуць выязджаць з Беларусі ў суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў без згоды другога. Калі ж адзін з законных прадстаўнікоў не згодны з выездам, ён можа звярнуцца ў суд з заявай аб вызначэнні іншага парадку выезду.
Дадзеная навіна анансавалася заканадаўцамі яшчэ ўвесну цяперашняга года і ў адпускны сезон увяла ў зман многіх грамадзянаў, якія паспрабавалі вывезці сваіх дзяцей без згоды іншага сужэнца. Памежны камітэт вымушаны быў выступіць нават са спецыяльным зваротам, патлумачыўшы, што новы закон яшчэ не прыняты ў вызначаным парадку. І вось закон нарэшце падпісаны Лукашэнкам і ўступіць у сілу праз шэсць месяцаў, гэта значыць практычна да пачатку новага адпускнога сезону.
Акрамя таго, новым законам вызначаныя дзяржаўныя органы і выпадкі, калі права грамадзянаў на выезд можа быць абмежаванае.
Рашэнне аб часавым абмежаванні права грамадзянаў на выезд могуць прыняць дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь і іншыя юрыдычныя асобы, якія заключылі з грамадзянамі дамовы аб допуску да дзяржаўных сакрэтаў; органы крымінальнага пераследу – у дачыненні да грамадзянаў, падазраваных ці абвінавачваных па крымінальных справах, а таксама органы і ўстановы, якія выкокваюць пакаранне ці іншыя меры крымінальнай адказнасці, – у дачыненні да грамадзянаў, асуджаных за здзяйсненне злачынства.
Цяпер невыязнымі могуць зрабіць грамадзянаў ваенкаматы, калі тыя ўхіляюцца ад яўкі на мерапрыемствы па прызыву на ваенную службу, службу ў рэзерве.
Акрамя таго, зрабіць чалавека невыязным можа суд, калі за грамадзянінам усталяваны прэвентыўны нагляд, калі грамадзянін не выконвае без паважлівых прычынаў маёмасныя, падатковыя ці іншыя абавязальніцтвы, ці нават калі прад'яўлены грамадзянскі пазоў у судзе, ці грамадзянін з'яўляецца даўжніком па справах аб эканамічнай неплацёжаздольнасці (банкруцтве) ці зацікаўленай асобай у дачыненні да даўжніка – юрыдычнай асобы.
Трэба адзначыць, што законам не вызначана, што будзе прызнавацца «паважлівай прычынай» невыканання «маёмасных, падатковых ці іншых абавязальніцтваў». Мяркуючы па ўсім, паважлівасць прычынаў у кожным канкрэтным выпадку будзе вызначаць суддзя, што дае падставу для пэўнага непакою.