Гісторык Таіса Доўнар: Статут ВКЛ напісаны на старажытнай беларускай мове
14- 29.09.2009, 13:00
Сёння спаўняецца 480 год першаму Статуту Вялікага Княства Літоўскага.
Статут ВКЛ — адзін з самых важных артэфактаў беларускай гісторыі. Такога грунтоўнага зборніка законаў, які пабачыў свет 29 верасня 1529 года, на той час не мела ніводная краіна. Нягледзячы на тое, што цяжка аспрэчыць беларускасць гэтага гістарычнага дакумента, напісанага старабеларускай мовай, знаходзяцца ахвотнікі зноўку паварушыць гісторыю, вышукваючы то літоўскія, то рускія, то ўкраінскія карані Статута.
Пра ўнікальны прававы зборнік «Еўрарадыё» распавяла доктар юрыдычных навук, гісторык Таісія Доўнар.
-- Чаму пачаў распрацоўвацца Статут? Бо ў тыя часы канчаткова складваецца цэнтралізаваная феадальная дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае: скасоўваюцца ўдзельныя княствы, замяняюцца на інстытут намесніцтва. І вось, менавіта таму, што ВКЛ першапачаткова складалася з мноства княстваў і ў кожнага з іх былі свае законы, свая сістэма права, патрабавалася ўніфікаваць сітуацыю, каб ва ўсёй краіне карысталіся агульнымі законамі. Спачатку гэта былі нейкія граматы, прывілеі, выдадзеныя Вялікім князем, а пазней справа пайшла больш далёка да ўкладання Статута ўсёй дзяржавы.
-- А з якіх важных артыкулаў складаўся Статут ВКЛ, найперш 1529 года?
-- Статут ВКЛ называецца менавіта зводам законаў, бо ў ім было зведзенае ў адзін дакумент усё: усе галіны права. Што ж мы там знаходзім? А гэта і нормы канстытуцыйнага, грамадзянскага, крымінальнага права, судовы лад і справаводства, ды нават прыродаахоўчае права. Вельмі важна, што ў Статуце гаварылася пра дзяржаўную незалежнасць (суверэнітэт) ВКЛ (што даказвае канстытуцыйнасць характару Закона), пра правы і абавязкі шляхты, пра дзяржаўныя органы, прынцыпы законнасці. Статут забараніў упершыню дзеянне звычаёвага права.
-- Спадарыня Таісія, на чым, на якіх законах ці крыніцах грунтаваўся Статут 1529 года?
-- Найперш, вядома, гэта развітае звычаёвае права. Аднак, у дадатак, Статут зрабіў і вялікі крок наперад, бо меў у сабе дасягненні і Магдэбургскага права (на той момант шмат беларускіх гарадоў ужо атрымала права на самакіраванне — А. Р.), і Рымскае права (як складнік папярэдняга), і пэўныя дасягненні царкоўнага права, ну, і, вядома, усё назапашанае: граматы, прывілеі…
-- А хто мёў дачыненне да распрацоўкі гэтага Статута?
-- З пэўнай доляй ўпэўненасці можна сказаць, што адным з самых галоўных ягоных распрацоўшчыкаў быў вялікі беларускі дзеяч Францыск Скарына. Некаторыя сумняваюцца ў гэтым, бо Скарына быў гараджанінам — а хто ж распрацоўваў самы галоўны Закон дзяржавы? Гэта Паны-рады, магнаты — карацей кажучы, эліта грамадства. Але ж на гэтыя сумневы ёсць цудоўны факт! Францыск Скарына быў лекарам і, па сумяшчальніцтве, сакратаром віленскага епіскапа. А віленскі епіскап (біскуп) быў галоўнай рэлігійнай і другой свецкай асобай у дзяржаве пасля Вялікага князя!..
І атрымоўваецца, калі Скарына быў сакратаром, дык ён займаўся і ўсімі справамі гэтага біскупа. А таму несумненна, што ён удзельнічаў і пры распрацоўцы Статута ВКЛ.
-- Але як так здарылася, што Статут з’явіўся менавіта ў ВКЛ, а не дзе-небудзь яшчэ ў Еўропе?
-- Я думаю, што ў сувязі з тым, што, па-першае, гэта была вельмі буйная дзяржава: розныя былыя княствы ўваходзілі ў яе склад. Кожны з іх, вядома, дапаўняў да агульнай «прававой базы» нешта сваё. Па-другое, Вялікае княства атачалі ворагі-заваёўнікі, а таму трэба было цэнтралізаваць дзяржаву, каб паспяхова процістаяць варожай навале. З гэтай мэтай трэба было, каб дзейнічалі адзіныя аднастайныя законы на абшары ўсяго Вялікага княства. Калі ж паглядзець на іншыя краіны Еўропы, дык такіх праблем там, бадай, і не было, а таму, зусім верагодна, дзякуючы знешнепалітычным і ўнутраным цяжкасцям і ўзнік гэты самы дасканалы звод законаў сярэднявечча менавіта ў ВКЛ…
-- Вядома, што не ўсе законы выконваюцца належным чынам — наколькі артыкулы, прапісаныя ў Статуце, выконваліся?
-- Справа ў тым, што Статут шмат у чым апераджаў свой час, бо ўвогуле прававая думка на Беларусі была прагрэсіўнай (так як нашы заканадаўцы ведалі ўсю сусветную прававую думку, бо існавалі і адпаведныя пераклады якіх заўгодна замежных законаў), а грамадства яшчэ не было падрыхтаванае. І таму атрымоўвалася, што заканадаўца ўключаў у зборнік прагрэсіўныя прававыя нормы, а яны не дзейнічалі! Вядома, закон павінен апераджаць свой час, але калі ён занадта прагрэсіўны, то ён ператвараецца ў «папяровы» закон, які не выконваецца, а проста існуе ў адпаведных зборніках… Вось, напрыклад, Статут хацеў зрабіць усіх людзей вольнымі, каб бедныя і багатыя аднолькава падпарадкоўваліся закону: «судзіліся адным пісаным правам». Зразумела, што ў той час гэта было немагчыма!
-- Скажыце, а што можна сказаць пра мову Статутаў ВКЛ і што гэта сведчыць пра «этнічнасць» дзяржавы? Чыя гэта была дзяржава: беларуская, літоўская, украінская ці руская?
-- Усё ж такі, правы тут Мікола Ермаловіч, што ў большасці гэта была беларуская дзяржава, што палітыка-адміністрацыйнымі цэнтрамі былі якраз беларускія землі, гарады. А што тычыцца мовы, дык, дзякуючы прафесару Лазутку, які ў сваіх кнігах тое даказаў, мы зараз ведаем, што Статуты напісаныя на старажытнай беларускай мове. Зразумела, што гэтая мова была трошкі «канцэлярытам», бо, разумееце, любы народ жа ніколі не размаўляе на той мове, якімі напісаныя законы, бо законы павінны быць дакладнымі, утрымліваючы розныя юрыдычныя фармулёўкі. А таму сярэднявечнаму заканадаўцу прыходзілася, часам, выкарыстоўваць розныя незразумелыя простаму народу словы — такім чынам мова адрознівалася, але гэта сто працэнтаў была старажытная беларуская мова!..
І атрымоўваецца: Рада працавала па-беларуску, суды, іншыя дзяржаўныя органы — па-беларуску, большасць насельніцтва размаўляла па-беларуску — цалкам зразумела, што гэта, з большасці, беларуская дзяржава!