Цэнтр Менску заклеілі ўлёткамі пра палітвязняў (Фота)
1- 4.09.2009, 11:45
Улёткі з інфармацыяй пра палітвязняў з’явіліся на цэнтральных вуліцах беларускай сталіцы.
Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» расклеілі іх у найбольш людных месцах Менску – на галоўных вуліцах, рынках і каля навучальных устаноў, паведамляе сайт jeans-by.com.
Нагадаем, што 8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).
Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.
Ваўкавыскага прадпрымальніка Юрыя Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. У дачыненні да яго спыненыя следчыя дзеянні. Як чакаецца, судовы працэс па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў можа распачацца ў лістападзе.
Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі 7 ліпеня 2009 года быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці».



