28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Маскву з падушкамі (Фота, вiдэа)

21

Каля тысячы маладых людзей сабраліся 8 верасня ў сталіцы на «бітву падушкамі» ў гонар Аршанскай бітвы.

Большасць мелі з сабой «зброю»: падушкі, спальнікі, мяккія цацкі. Акрамя ваяроў «бітвы падушкамі», прыйшло нямала журналістаў, фатографаў і простых гледачоў, піша «Наша Ніва».

На пачатку акцыі арганізатары ледзь стрымлівалі натоўп: удзельнікі гатовыя былі кінуцца ў бойку яшчэ да таго, як даведаліся правілы гульні і патрапілі на «поле бітвы». Паколькі ўсе хацелі быць ліцвінамі, адзін з арганізатараў акцыі Андрэй Кім прапанаваў тым, хто нарадзіўся ў няцотны дзень, стаць пад белы сцяг ліцвінаў, а хто ў цотны — пазмагацца пад чырвоным штандарам на баку Маскоўскага княства. Па дарозе на «поле бітвы» адзін з прадстаўнікоў «маскоўскага войска» імправізаванай бітвы Аляксей падзяліўся ўражаннямі:

— Не хочацца ваяваць на баку маскалёў. Я не магу сабе дазволіць перамагчы ліцвінаў і парушыць гістарычную справядлівасць.

Падчас бітвы нацыянальныя спрэчкі былі забытыя. Кожны хацеў перамагчы. Войска Літоўскае з мяккай зброяй кінулася на войска Маскоўскага княства — за Радзіму. «Маскоўскія» ваяры таксама панадавалі ліцвінам падушкамі па галаве. Здавацца ніхто не жадаў. Аднак з гісторыяй не паспрачаешся: як і ў 1514 годзе перамагло войска Вялікага Княства Літоўскага.

За першай бойкай была і другая, і трэцяя. Ваяры біліся, падалі, уставалі і зноўку беглі ў бойку. Бітва цягнулася, пакуль не сцямнела. Калі ўдзельнікі стомленыя і задаволеныя, разышліся, поле бітвы засталося ажно белае ад пер’я і сінтэпону. Не менш за дзесятак падушак быў парваныя ў Дзень вайсковай славы.

Перад пачаткам мерапрыемства Андрэй Кім распавёў прысутным гісторыю бітвы пад Оршай. 8 верасня 1514 года войскі ВКЛ разграмілі ўтрая большае войска Маскоўскага княства. Кіраваў гэтай бітвай беларускі вайскаводзец Канстанцін Астрожскі. Бітва ўвайшла ў гісторыю беларускай вайсковай славы.

Супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага раёну назіралі за акцыяй збоку. У арганізатараў быў дазвол ад Менгарвыканкаму на правядзенне «Бітвы падушкамі». Адзіная просьба ад супрацоўнікаў была — не ўжываць нацыянальную сімволіку. Нягледзячы на тое, што бітва прайшла без нацыянальных сцягоў, на полі часта гучаў лозунг «Жыве Беларусь!».

Многія юнакі, у тым ліку арганізатары, былі апранутыя ў саколкі з надпісамі «Атрымай, маскаль, падушкай».

Пра падзею нейтральна паведамілі многія лукашэнкаўскія СМІ, у тым ліку агенцтва «Інтэрфакс».

Гэта ўжо другі такі пэрформанс у гэтым годзе ў Беларусі. Першы быў прысьвечаны падзеям Грунвальдзкай бітвы.

Бой падушкамі — гэта міжнародны рух, які мае дзесяткі тысячаў «жаўнераў» па ўсім свеце. Самая маштабная бітва адбылася ва ўніверсітэце Олбані ў Нью-Ёрку, дзе 3648 чалавек біліся за мір ва ўсім свеце. Дэвіз міжнароднага бою падушкамі — Pillow fight «Make feathers, not war!» у вольным перакладзе гучыць як «Пуховы бой: пераробім мячы на падушкі!»

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках