Зміцер Бандарэнка: З арыштаванымі абыходзіліся па-звярынаму – некаторых збілі да крыві
10- 9.09.2009, 19:26
Арыштаваны каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» некалькі хвілін здолеў паразмаўляць з намі па мабільным тэлефоне.
«Зараз у Савецкім РУУС знаходзіцца чалавек 15. Нас збівалі пры затрыманні на плошчы і ў амапаўскім аўтобусе па дарозе да РУУС. Людзей білі дручкамі па галаве, збівалі нагамі. На некаторых апраналі кайданкі. Збіты Віктар Івашкевіч, у Зміцера Бародкі твар у крыві. Некаторыя ў напаўпрытомным стане. Мяне ўдарылі па галаве пяць разоў. Амапаўцы і супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС адмаўляюцца выклікаць дактароў. Абыходжанне з дэманстрантамі - звярынае», -- паведаміў Зміцер Бандарэнка сайту www.charter97.org.
Бандарэнка паспеў назваць прозвішчы некаторых затрыманых, якіх даставілі ў Цэнтральнае РУУС – старшыня Менскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, лідэр «Маладога Фронта» Зміцер Дашкевіч, актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Атрошчанкаў і Зміцер Бародка, актывіст «Моладзі БНФ» Антось Койпіш. Далей вядомыя толькі прозвішчы Радачынская, Спясіўцаў, Іваноў, Якубоўская, Гарачка, Карповіч, Лемешаў, Сянчыла, Сергіец, Варанецкі, Пятрова.
Затым сувязь абарвалася – супрацоўнікі АМАПу забралі ў Бандарэнкі мабільны тэлефон.
Нагадаем, што сёння ў Менску была жорстка разагнаная акцыя пратэсту супраць увядзення расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі, якая адбылася пад лозунгам «Не – расейскай акупацыі!». Затрыманы дзесяткі апазіцыянераў.




Фота "Радыё Свабода"

Фота "Радыё Свабода"