Улады праігнаравалі факты выкраданняў апазіцыянераў
5- 11.01.2010, 11:20
Міліцыя і пракуратура не адрэагавалі на скаргі лідэра «Маладога фронта» Змітра Дашкевіча, выкрадзенага і вывезенага ў лес 5 снежня 2009 года.
На ўсе заявы і хадайніцтвы Змітра Дашкевіча прыйшоў толькі адзін адказ за подпісам кіраўніка УУС адміністрацыі Завадскога раёна Менска падпалкоўніка міліцыі В.А.Правілы.
Міліцэйскі начальнік паведаміў толькі, што 14 снежня 2009 года па дадзеным факце заведзена крымінальная справа, але па частцы 2 артыкула 206 КК (рабаўніцтва, здзейсненае групай асобаў), а не па артыкуле 182 КК (выкраданне чалавека), адзначае сайтmfront.net.
«Беларускія ўлады заклапочны хваляю грамадкага рэзанансу, які ўзняўся як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне, пра што сведчаць і паклёпніцкія сюжэты на БТ, і выказванні асабіста Лукашэнкі. Таму, каб хоць неяк адрэагаваць на грамадскі рэзананс, міліцыя ўзбудзіла крымінальную справу па факце рабавання, бо ўзбуджэнне справы непасрэдна за выкраданне азначала б фактычнае прызнанне такіх інцыдэнтаў», - пракаментаваў адказ падпалкоўніка міліцыі Зміцер Дашкевіч.
Ніводная з крымінальных спраў, заведзеных па фактах выкрадання апазіцыйных актывістаў, не была даведзена да канца, злачынцы не знойдзены.
Нагадаем, што ў канцы 2009 года ў Беларусі пачасціліся выпадкі выкраданняў людзей. 5 снежня быў выкрадзены лідэр «Маладога фронта» Зміцер Дашкевіч. Невядомыя трымалі яго ў машыне 5,5 гадзін і выкінулі за 70 км ад Менска. 6 студзеня быў схоплены актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель. Яго адвезлі за 20 км ад сталіцы. За тыдзень да гэтага невядомыя вывезлі за горад актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Уладзіміра Лемеша, патрабуючы пры дапамозе збіцця і пагроз спыніць палітычную дзейнасць. Усяго ў 2009 годзе было выкрадзена 6 моладзевых актывістаў. Апазіцыянеры мяркуюць, што выкраданні былі арганізаваныя спецслужбамі.
Сваю заклапочанасць у сувязі з выкраданнямі апазіцыянераў у Беларусі выказалі шмат якія ўплывовыя міжнародныя арганізацыі, у тым ліку, і дэлегацыя ПА АБСЕ.