Польскі віцэ-прэм'ер вітае Мытны саюз Беларусі, Расеі і Казахстана
18- 14.01.2010, 14:01
Паводле яго словаў, гэта стварае новыя магчымасці для працы польскага бізнэсу з Беларуссю.
Новыя магчымасці для польска-беларускага супрацоўніцтва адкрывае стварэнне мытнага саюза Беларусі, Расеі і Казахстана, заявіў у Менску намеснік старшыні Савета міністраў Польшчы Вальдэмар Паўляк, перадае «Інтэрфакс».
«Мытны саюз адкрывае новыя ўмовы для развіцця гандлю і кааперацыі», - сказаў Паўляк, выступаючы на паседжанні сумеснай беларуска-польскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве.
Паводле яго словаў, «у апошні час узрастае цікавасць польскіх кампаніяў да супрацоўніцтва, інвестыцыяў, удзелу ў прыватызацыйным працэсе ў Беларусі». Віцэ-прэм'ер Польшчы падкрэсліў, што ў сферы прыватызацыі «мы бачым вялікія магчымасці, можна будзе выкарыстоўваць польскі досвед».
Кажучы пра перспектыўныя накірункі супрацоўніцтва паміж двума краінамі, кіраўнік польскай дэлегацыі назваў праекты ў энергетычнай сферы, у прыватнасці супрацоўніцтва па будаўніцтве электрастанцыі ў Зэльве (Гарадзенская вобл.). Таксама, паводле яго словаў, існуюць магчымасці для супрацоўніцтва па выкарыстанні бурага вугля ў энергетычных мэтах. «У нас ёсць веды і досвед у гэтай сферы», - сказаў ён.
Паўляк таксама адзначыў наяўнасць магчымасцяў для супрацоўніцтва ў нафтагазавай сферы, у хімічнай прамысловасці, у чыгуначных перавозках. Ён заўважыў, што яно можа развівацца на падставе супрацоўніцтва прыватных кампаніяў.
Віцэ-прэм'ер Польшчы таксама выказаў надзею на пашырэнне польска-беларускага супрацоўніцтва ў АПК.
Паўляк заявіў, што Польшча «зацікаўленая падтрымліваць Беларусь у кантактах з Еўразвязам - эканамічных, гандлёвых, а таксама падтрымлівае імкненне Беларусі ў СГА». Паводле яго словаў, Польшча выступае за стварэнне ўмоваў для ажыццяўлення «канкрэтных мерапрыемстваў з выкарыстаннем еўрапейскіх сродкаў у межах праграмы ЕЗ «Усходняе партнёрства». Польскі віцэ-прэм'ер сказаў, што гэтая праграма таксама будзе спрыяць стварэнню ўмоваў для «добрага ўзаемадзеяння» з Беларуссю.