Гомельскага апазіцыянера гвалтам завезлі ў ваенкамат
5- 14.01.2010, 15:13
Удзень 14 студзеня ў Гомелі затрыманы каардынатар па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Яўген Якавенка.
Па мабільным тэлефоне Якавенка паведаміў, што на вуліцы Кніжнай да яго падышлі два чалавекі ў міліцэйскай форме, з ужываннем гвалту пасадзілі ў аўтамабіль і прывезлі ў ваенкамат, перадае БелаПАН.
«Яны не назваліся, нічым свае дзеянні не патлумачылі, увесь час пагражалі ўжываннем сілы, вырывалі з рук мабільны тэлефон, заламалі рукі. У машыне нас чакаў трэці ў цывільным, які сачыў за мной ад самага дома», — адзначыў актывіст.
Па словах Якавенкі, у ваенкамаце яму заявілі, што ён ухіляецца ад прызыву на ваенную службу, і таму быў прымусова дастаўлены туды з дапамогай міліцыі. «Ніякіх позваў я не атрымліваў. Як я магу ўхіляцца ад прызыву?» — сказаў Якавенка.
Актывіст мае намер звярнуцца са скаргай на дзеянні міліцыі ў пракуратуру. «Такія дзеянні трапляюць пад артыкул Крымінальнага кодэкса аб выкраданні людзей», — заявіў ён.
Зараз Якавенка знаходзіцца ў ваенкамаце.