У Манголіі ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне
6- 14.01.2010, 15:43
Лідэрамі па колькасці смяротных пакаранняў з’яўляюцца Кітай, Іран і Пакістан. У Еўропе толькі ў Беларусі ўжываюць найвышэйшую меру пакарання.
Прэзідэнт Манголіі Цахіягійн Элбэгдорж абвесціў мараторый на выкананне смяротных прысудаў, паведамляе Associated Press.
«Большасць краін света адмовіліся ад смяротнага пакарання. Мы мусім рухацца ў гэтым накірунку», — заявіў прэзідэнт Манголіі падчас выступу ў парламенце краіны.
Ад часу свайго ўступлення ў пасаду ў траўні 2009 года Элбэгдорж адмяніў ужо тры смяротныя прысуды. Паколькі інфармацыя аб смяротных пакараннях з’яўляецца ў Манголіі сакрэтнай, дакладна вызначыць колькасць прыведзеных да выканання прысудаў вельмі складана.
Паводле дадзеных Amnesty International, у Манголіі па меншай меры пяць чалавек былі пакараныя смерцю ў 2008 годзе. Яшчэ дзевяць чалавек чакаюць выканання прысудаў у камерах смяротнікаў.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у 95 краінах смяротнае пакаранне адменена. У 58 дзяржавах яно практыкуецца як найвышэйшая мера пакарання за крымінальныя злачынствы. У астатніх смяротнае пакаранне ўжываецца або ў выключных выпадках або фактычна не прымяняецца на працягу апошніх 10 гадоў.
Сусветнымі лідэрамі па колькасці смяротных пакаранняў з'яўляюцца Кітай, Іран і Пакістан. У Еўропе адзінай краінай, якая працягвае ўжываць найвышэйшую меру пакарання, з'яўляецца Беларусь.
Як раней паведамляў сайт charter97.org, 23 чэрвеня 2009 года Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыняла рэзалюцыю, у якой гаворыцца, што беларускі «парламент» атрымае статус спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ толькі пасля адмены смяротнага пакарання. Адразу пасля гэтага на працягу некалькіх месяцаў у Беларусі былі вынесены два смяротныя прысуды.
У адказ беларускія «дэпутаты» заявілі, што ў Беларусі практычна ўжо год не праводзіцца смяротнае пакаранне. Многія чыноўнікі выказалі меркаванне, што для адмены смяротнага пакарання ў Беларусі давядзецца правесці рэферэндум.
У сваю чаргу прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, такіх як «Міжнародная амністыя», не раз заяўлялі, што для адмены смяротнага пакарання рэферэндум не патрэбны.