24 красавiка 2024, Серада, 8:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусі могуць забараніць будаваць АЭС

23

Беларускія ўлады падазраюцца ў парушэнні міжнародных абавязальніцтваў пры планаванні АЭС.

Камітэт па захаванні міжнароднай Канвенцыі Эспа звярнуўся да грамадскіх арганізацыяў суседніх з Беларуссю краінаў — Украіны, Літвы, Латвіі і Польшчы — па інфармацыю, неабходную для расследавання парушэнняў пры планаванні будаўніцтва АЭС, у якіх падазраецца Беларусь. Пра гэта паведаміў БелаПАН прававы эксперт і чалец рады ўкраінскай грамадскай арганізацыі Рэсурсавы і аналітычны цэнтр «Грамадства і навакольнае асяроддзе» Андрэй Андрусевіч.

Камітэт па захаванні Канвенцыі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансмежным кантэксце Эспа прыняў рашэнне адкрыць справу аб выкананні Беларуссю палажэнняў Канвенцыі пры планаванні АЭС яшчэ ў верасні 2009 года. Ураду Беларусі быў накіраваны адпаведны запыт з просьбай адказаць не пазней за 31 снежня. Камітэт таксама прыняў рашэнне затым звязацца з бакамі, якія закранаюцца, у асобе грамадскіх арганізацыяў Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны, каб запытаць у іх неабходную інфармацыю.

«Украіна распачала кансультацыі з Беларуссю з нагоды праекту будаўніцтва АЭС у адпаведнасці з Эспа. У прыватнасці, ровенская арганізацыя «Экаклуб» накіруе ў Мінпрыроды Украіны свае заўвагі да АУНА беларускай АЭС, якія, у сваю чаргу, будуць накіраваныя ў Мінпрыроды Беларусі», — паведаміў Андрусевіч.

Як лічыць эксперт, гэтае рашэнне Камітэта кажа толькі пра тое, што падазрэнні Беларусі ў парушэннях узятых ёю міжнародных абавязальніцтваў пры планаванні АЭС небеспадстаўныя. На яго думку, гаворка ідзе пра недакладнае і несваечасовае інфармаванне суседніх краінаў аб планах будаўніцтва АЭС.

«Калі Камітэт прызнае гэтыя і іншыя парушэнні, дык Беларусь могуць вымусіць прыпыніць будаўніцтва АЭС. Гэта працэс доўгі, але Камітэт можа прыняць рашэнне ўжо да канца гэтага года», — падкрэсліў Андрусевіч.

Беларусь ратыфікавала міжнародную канвенцыю Эспа 10 лістапада 2005 года.

Канвенцыя аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансмежным кантэксце (Канвенцыя Эспа) — міжнароднае пагадненне, ініцыяванае Еўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН і падпісанае ў Эспа (Фінляндыя) у 1991 годзе, якое ўступіла ў сілу ў 1997 годзе. Паводле канвенцыі, працэдура ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (уключаючы публічныя абмеркаванні) патэнцыйна небяспечных праектаў павінна праводзіцца не толькі ўнутры дзяржаваў, але і ў сумежных краінах, якія могуць быць закранутыя ўздзеяннем гэтых аб'ектаў. У адпаведнасці з Канвенцыяй працэдура ацэнкі павінна праводзіцца на ранніх стадыях планавання.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках