У Менску расце захворванне на грып
6- 19.01.2010, 12:58
За мінулы тыдзень — з 11 па 17 студзеня — у Менску захварэла на ВРІ і грып каля 19,5 тысячаў чалавек.
Загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка паведаміла БелаПАН, што ў Менску назіраецца актыўны рост захворвання на ВРІ і грып.
«Пакуль у Менску эпідэмічныя парогі захворвання на ВРІ і грып не перавышаныя, але калі прырост будзе ісці такімі тэмпамі, дык ў найбліжэйшыя два тыдні мы выйдзем на эпідэмічны ўзровень захворвання», — сказала спецыяліст.
За мінулы тыдзень — з 11 па 17 студзеня — у Менску захварэла на ВРІ і грып каля 19,5 тыс. чалавек. Для параўнання, за тыдзень да гэтага было выяўлена 12 тыс. 700 тых, хто захварэлі. Больш за 50% хворых — дзеці да 17 гадоў. Пры гэтым сярод дзяцей адзначаецца найбольш актыўны прырост захворвання, асабліва сярод дзяцей да шасці гадоў. «Гэта ў прынцыпе характэрна для пачатку фармавання ўздыму захворвання: першымі хварэюць, як правіла, дзеці», — адзначыла Фісенка.
Паводле яе словаў, колькасць шпіталізаваных у сітуацыі ўздыму захворвання на ВРІ і грып не павялічылася. У шпіталях знаходзяцца 368 чалавек, 358 з якіх дзеці. «Гэта таксама традыцыйная характарыстыка для захворвання на ВРІ і грып, калі больш за 90% шпіталізаваных складаюць дзеці», — сказала спецыяліст.
Фісенка паведаміла, што дыягназ «грып» паводле першасных дадзеных з 11 па 17 студзеня быў пастаўлены 111 пацыентам, на папярэднім тыдні — 50. Такім чынам, паводле яе словаў, хоць прырост выпадкаў грыпу назіраецца, у агульнай структуры захворвання грып складае менш за 1%.
Паводле словаў спецыяліста, ніякіх дадатковых супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў у хуткім часе ў Менску ўводзіць не плануецца: захворванне на ВРІ і грып не дасягнула эпідэмічнага узроўню.