Павал Шарамет: «Нарышкін быў жорсткі да Лукашэнкі»
22- 14.10.2010, 10:37
Здаецца, беларускі кіраўнік сур'ёзна дастаў Крэмль сваімі словамі і справамі, лічаць журналісты.
Кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Расеі Сяргей Нарышкін учора правёў прэсавую канферэнцыю для беларускіх СМІ. З гэтай нагоды ў Маскву запрасілі прадстаўнікоў незалежных і дзяржаўных беларускіх СМІ.
Як перадае «Радыё Свабода», на прэсавай канферэнцыі кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Расеі Сяргея Нарышкіна, сенсацыяў на ёй не прагучала. Большасьць яго адказаў можна было спрагназаваць яшчэ ў Менску. Сяргей Нарышкін і ў сваім уступным слове, і ў адказах на пытанні быў вытрыманы і дыпламатычны.
Даслоўна Нарышкін заявіў наступнае:
«Важнасць мае ўсведамленне беларускім кіраўніцтвам сваіх крокаў па дыскрэдытацыі беларуска-расейскіх стасункаў. Калі ўсведамленне адбудзецца — і на словах, і ў справах, і будзе выкананне ўсіх абавязальніцтваў па падпісаных пагадненнях, — дык Расея таксама пойдзе насустрач».
З іншага боку, прагучала заява пра магчымасьць кантактаў Крамля з беларускай апазіцыяй. «З любой апазіцыяй варта лічыцца», — заявіў наконт гэтага Нарышкін.
Такім чынам, Крэмль фактычна дае зразумець Менску, што можа прабачыць Лукашэнку, калі будуць нейкія рэальныя крокі дзеля паглыблення двухбаковых стасункаў. Аднак удзельнік гэтай сустрэчы Павал Шарамет, мяркуе, што гэтыя словы ў вялікай ступені дыпламатычныя:
«У агульных рысах, фармальна, гэтага Нарышкін не выключыў, але гэта можна і трактаваць як проста ветлівы адказ. Таму што цяжка было б чакаць ад кіраўніка такога ўзроўню словаў пра тое, што не, больш ніколі, больш ніколі з ім. Таму што гаворка ідзе пра саюзную дзяржаву, таму такія фармулёўкі ў прынцыпе немагчымыя».
Паводле Паўла Шарамета, ацэнка словаў і дзеянняў Лукашэнкі з боку Нарышкіна была жорсткай:
«Тут ён быў дастаткова жорсткі, што для яго як чалавека і як для чыноўніка неўласьціва. Гэта кажа пра тое, што сур'ёзна дастаў Лукашэнка сваімі словамі і справамі».