Суздальцаў: Расея хоча іншага прэзідэнта Беларусі
16- 14.10.2010, 12:31
Заявы кіраўніка Адміністрацыі расейскага прэзідэнта сведчаць пра тое, што канфлікт паміж расейскім і беларускім кіраўніцтвам працягнецца.
Такое меркаванне выказаў у гутарцы з «Еўрарадыё» расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.
Нагадаем, 13 кастрычніка адбылася сустрэча Сяргея Нарышкіна з беларускімі журналістамі. Паводле словаў Суздальцава, гэтая сустрэча не стане крокам да прымірэння паміж афіцыйным Менскам і Масквой. На яго погляд, гэта толькі падвядзенне вынікаў інфармацыйнай барацьбы краінаў.
«Гэта цалкам бюракратычнае мерапрыемства, дзе сказана вельмі выразна, што Расея не збіраецца ўмешвацца ў беларускія выбары. Але Расея гатовая працаваць з новым прэзідэнтам. Ідэалогія расейскага кіраўніцтва ў дачыненні да Беларусі - гэта выцісканне з агульнага кантэксту асобы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. З астатняй дзяржавай, з наменклатурай, з беларускім народам Расея не сварылася», - сказаў Андрэй Суздальцаў.
А на думку беларускага палітолага Святланы Навумавай, Сяргей Нарышкін - добры дыпламат. У яго прамове кожны пачуў тое, што хацеў: хтосьці - працяг канфлікту, хтосьці - прымірэнне.
«Стратэгічна мне падаецца, што гэта не працягнутая рука дружбы. Гэта спроба крыху прытушыць канфлікт. Але сам канфлікт будзе пакуль працягвацца», - лічыць палітолаг.