У Менску забілі выкладчыка аднаго з магілёўскіх ліцэяў
41- 18.10.2010, 10:56
Цела выкладчыка аднаго з магілёўскіх ліцэяў было знойдзенае на балконе шматпавярховага дома ў Менску.
Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у панядзелак у праваахоўных органах.
«На 11-ым паверсе шматпавярховага будынка па вуліцы Магілёўскай у Менску, на агульным балконе быў выяўлены труп невядомага мужчыны. Пазней усталявана, што гэта жыхар Магілёва, 1969 года нараджэння, выкладчык аднаго з магілёўскіх ліцэяў», - паведамілі агенцтву ў праваахоўных органах.
«Экспертыза паказала, што смерць мужчыны надыйшла ў выніку ЧМТ цяжкай ступені, пераломаў аснавання і зводу чэрапа. Узбуджаная крымінальная справа па арт. 147 «Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання» Крымінальнага кодэкса Беларусі», - паведамілі суразмоўцы агенцтва.
«Ідзе высвятленне абставінаў смерці мужчыны і пошук зламыснікаў», - удакладнілі ў праваахоўных органах.