Місія МВФ ацэніць плацежаздольнасць Беларусі
- 20.10.2010, 9:46
Аглядная місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) будзе працаваць у Менску з 3 па 16 лістапада.
Пра гэта TUT.by паведамілі ў прадстаўніцтве МВФ у Беларусі. Там адзначылі, што «гэта будзе звычайная місія па Артыкуле IV».
«Гэта штогадовы агляд эканамічнай палітыкі краін-сяброў Фонду, - удакладніла пастаянны прадстаўнік МВФ у Беларусі Наталля Калядзіна. - Папярэдняя аглядная місія знаходзілася ў Беларусі больш за год таму». У лістападзе плануецца, у прыватнасці, разгледзець пытанні бюджэтнай і грашова-крэдытнай палітыкі, ацаніць плацежаздольнасць краіны і тэмпы структурных пераўтварэнняў.
Паводле словаў прадстаўніка МВФ, падчас агляднай місіі не плануецца абмяркоўваць новыя крэдыты для Беларусі, таму што «ўлады краіны самі павінны выказаць зацікаўленасць у новай праграме фінансавання, а гэтага пакуль не было». Нагадаем, МВФ рэалізаваў у Беларусі праграму stand-by і вылучыў крэдыт на 3,6 млрд даляраў. Паводле ацэнак экспертаў, новая праграма можа быць прынятая пасля прэзідэнцкіх выбараў.
Варта адзначыць, што 6-10 кастрычніка адбыўся візіт беларускай дэлегацыі на чале з віцэ-прэм'ерам Андрэем Кабяковым у Вашынгтон для ўдзелу ў штогадовым пасяджэнні Савета кіраўнікоў Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонду. Паводле наяўнай інфармацыі, акрамя агульных пытанняў, адбыўся абмен думкамі з кіраўніцтвам Фонду з нагоды пашырэння ўзаемадзеяння Беларусі з МВФ.