Лукашэнка-Зюганаву: У кіраўніцтва Расеі на мяне алергія
91- 28.10.2010, 12:51
Беларускі кіраўнік сустрэўся сёння ў Менску з лідэрам КПРФ Генадзем Зюганавым.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўдзячны старшыні ЦК КПРФ Генадзю Зюганаву за яго імкненне разабрацца ў сітуацыі, якая склалася ў беларуска-расейскіх стасунках, перадае «Інтэрфакс-Захад».
«Я вам удзячны за тое, што хоць адзін чалавек у Расеі адгукнуўся на ўсё тое, што адбываецца, і прапанаваў, як вы сказалі, тэрмінова абмеркаваць праблемы, каб пераканацца ў тым, што ж на самой справе адбываецца», - заявіў Лукашэнка.
«Вядома, вы чалавек дасведчаны. Я вельмі ўважліва назіраю за вашай працай, працай кампартыі Расеі», - адзначыў кіраўнік. «Я думаю, вы ніколі не зможаце за паўтара дзясятка гадоў нашага знаёмства кінуць камень у мой агарод», - сказаў Лукашэнка.
Паводле яго словаў, «мы ніколі не саромеліся, калі было забаронена размаўляць пра сацыялізм, камунізм, нашае мінулае, пра Вялікую Айчынную вайну, пра прасоўванне НАТА, нашую абараназдольнасць, мы заўсёды з вамі падтрымлівалі добрыя стасункі». «Наколькі магчыма, я заўсёды вас і партыю (КПРФ - ІФ) інфармаваў пра падзеі, якія адбываюцца, што таксама ў апошні час пачато выклікаць незадаволенасць і алергію ў вашых ўладаў», - сказаў Лукашэнка.
«Але, тым не менш, я вельмі цаню тое, што вы звярнуліся да той праблемы, якая заўсёды хвалявала партыю і будзе хваляваць, таму што, напэўна, гэта адзін з краевугольных камянёў у палітыцы кампартыі Расеі», - заявіў беларускі кіраўнік.
Лукашэнка сказаў, што напярэдадні азнаёміўся з апошнімі матэрыяламі, якія датычаць дзейнасці кампартыі РФ, праведзенымі даследаваннямі. «Нашыя ацэнкі і нашыя дзеянні ў Беларусі абсалютна такія, і тут разыходжанняў няма», - адзначыў кіраўнік. «Тым не менш, ёсць вельмі шмат момантаў, якія я хацеў бы абмеркаваць з вамі і параіцца па некаторых пытаннях», - сказаў Лукашэнка.