Калякін: Зюганаву не варта было прыязджаць у Менск
10- 28.10.2010, 15:38
Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін пракаментаваў візіт лідара КПРФ у Беларусь.
Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін заявіў, што лідару КПРФ Генадзю Зюганаву не варта было прыязджаць у Менск падчас прэзідэнцкай кампаніі і сустракацца з Аляксандрам Лукашэнкам, піша «Беларускі партызан».
«Я думаю, што Генадзю Андрэевічу не варта было прыязджаць у Менск увогуле. Напэўна, Аляксандр Рыгоравіч вырашыў паказаць, што яго хтосьці яшчэ падтрымлівае ў Расеі. Генадзь Андрэевіч зрабіў памылку, што паехаў сюды», - адзначыў Сяргей Калякін.
Раней паміж Партыяй камуністаў Беларускай (цяпер - Беларуская партыя левых «Справядлівы свет») і КПРФ былі партнёрскія адносіны, якія былі разарваныя ў 1996 годзе.
«Мы не падтрымліваем ніякіх адносінаў з КПРФ, пасля таго, як у 1996 годзе Генадзь Андрэевіч Зюганаў падтрымаў антыканстытуцыйны пераварот, здзейснены Аляксандрам Лукашэнкам у Рэспубліцы Беларусь», - дадаў Калякін.