Кастусь Жукоўскі выйшаў на волю
2- 5.10.2010, 9:31
Апазіцыянер усе 10 дзён трымаў галадоўку, абвешчаную ў зале суда ў знак пратэсту супраць рашэння аб яго арышце.
4 кастрычніка з ізалятара часовага ўтрымання Петрыкаўскага РАУС выйшаў на волю гомельскі каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Кастусь Жукоўскі, паведамляе БелаПАН.
Актывіст усе 10 дзён трымаў галадоўку, абвешчаную ў зале суда ў знак пратэсту супраць рашэння аб яго арышце. 24 верасня Петрыкаўскі раённы суд прызнаў Жукоўскага вінаватым у супраціве міліцыі і нецэнзурнай лаянкі ў грамадскім месцы. За тыдзень раней на фэсце «Кліч Палесся» у Ляскавічах апазіцыянер быў затрыманы міліцыяй, затым быў збіты, пасля чаго патрапіў у шпіталь са страсеннем мазгоў і іншымі траўмамі. Міліцыя склала пратакол у дачыненні да Жукоўскага аб тым, што ён нібыта нецэнзурна лаяўся і чапляўся да мінакоў, супраціўляўся супрацоўнікам праваахоўных органаў.
На судзе, які прайшоў 24 верасня ў Петрыкаве, у якасці сведак прысутнічалі супрацоўнікі АМАПа, якія, паводле сцверджання Жукоўскага, збілі яго. Паказанні апазіцыянера аб тым, што менавіта гэтыя людзі яго збілі, суд не прыняў да ўвагі і арыштаваў Жукоўскага.
«У мяне была медыцынская выпіска, што я хворы і праходжу рэабілітацыю, але суддзя сказаў, што гэта не інваліднасць і дзесяць сутак я змагу пасядзець у ІЧУ. Усе гэтыя дні я трымаў галадоўку. У ізалятары - поўная антысанітарыя, за дзесяць дзён ні разу не было магчымасці памыцца, святло гарыць дзень і ноч, у прыбіральню арыштаваныя вымушаныя хадзіць пры відэаназіранні», - сказаў Жукоўскі. Ён накіраваў шэраг скаргаў у пракуратуру адносна парушэння правоў арыштаваных, якія адбываюць пакаранне ў ІЧУ.