Азаранка захавала 10-ы радок сусветнага рэйтынгу
1- 1.11.2010, 13:43
На рахунку беларускай тэнісісткі 4235 балаў.
Беларуска Вікторыя Азаранка пасля выніковага турніру WTA, які завяршыўся ў горадзе Доха, захавала за сабой 10-е месца сусветнага рэйтынгу, паведамляе БелТА.
У 2010 годзе Вікторыя Азаранка святкавала перамогу на турнірах у Стэнфардзе і Маскве. Акрамя таго, на працягу гэтага сезону беларуска двойчы спынялася ў кроку ад чарговага тытула. У фінальнай сустрэчы ў Дубаі Азаранка саступіла амерыканцы Венус Уільямс, а ў англійскім Істбурне ў барацьбе за тытул беларуска была слабейшай за расеянку Кацярыну Макараву. На выніковым турніры ў Доха нашая суайчынніца не змагла выйсці з групы, заняўшы толькі трэцяе месца ў сваім квартэце.
На дзявятым месцы рэйтынгу WTA знаходзіцца расеянка Алена Дзяменцьева, у актыве якой 4335 балаў.
Першай ракеткай свету застаецца датчанка Каралін Вазняцкі (8035). На другім радку размяшчаецца расеянка Вера Званарова (6785). А вось амерыканка Серэна Уільямс не змагла ўтрымаць трэцяе месца. З 5355 баламі яна цяпер займае чацвёртую пазіцыю. Бельгійка Кім Клійстарс апярэдзіла Серэну пасля перамогі ў фінале выніковага турніру WTA. На рахунку Кім цяпер 6635 балаў. Гэта не адзіная перастаноўка ў дзясятцы наймацнейшых: аўстралійка Саманта Стосур (4982) пасунула з шостага радка італьянку Франчэску Ск'явоне (4935).
Варта адзначыць, што ў сотні мацнейшых тэнісістак планеты сезон завершыць яшчэ адна прадстаўніца Беларусі: Вольга Гаварцова размяшчаецца на 73-м месцы з 848 баламі.