Шантаж беларускіх уладаў больш не пройдзе
29- 11.11.2010, 9:16
З 2011 года ў Расеі практычна знікне патрэба ў прапампоўцы нафты па трубаправодзе Броды-Адэса.
Пра гэта першы віцэ-прэзідэнт ААТ «АК «Транснафта» Міхаіл Арустамаў заявіў у інтэрв'ю ведамаснаму часопісу «Трубаправодны транспарт нафты». Паводле яго словаў, Расея актыўна выкарыстоўвала маршруты Броды-Адэса і Броды-Паўднёвы, калі ў яе быў недахоп экспартных магутнасцяў, паведамляе TUT.by.
«У выніку ўвядзення ў строй трубаправоднай сістэмы Усходняя Сібір - Ціхі акіян гэты дэфіцыт рэзка скараціўся. У студзені 2011-га, з пачаткам перапампоўкі 15 млн т нафты ў Кітай, ён практычна знікне. Загружаць чужыя парты на шкоду сваім мы, вядома, не будзем. Гэта не па-гаспадарску», - заключыў ён.
Разам з тым М. Арустамаў мяркуе, «уся гісторыя праекта аверса нафтаправода Адэса-Броды першапачаткова ў большай ступені звязаная з палітычнымі гульнямі, чым з рэальнай эканамічнай мэтазгоднасцю».
«Сапраўды, Венесуэла пачала прадаваць нафту Беларусі. Але пакуль дастаўка адбываецца наступным чынам: сыравіна разгружаецца ў Адэсе і па чыгунцы транспартуецца на НПЗ Беларусі. Беларусь губляе па 52-58 даляраў на тоне нафты з той прычыны, што адмаўляецца купляць расейскую сыравіну, якая паступае па трубе (хай нават са стоадсоткавай пошлінай), і аддае перавагу венесуэльскаму варыянту. Відавочны факт: нашыя заходнія суседзі загадзя прайграюць, але з ірацыянальных прычынаў працягваюць прытрымлівацца тым жа курсам», - адзначыў ён.
З іншага боку, першы віцэ-прэзідэнт Транснафты прызнаў, што «Украіна сапраўды цяпер заклапочаная пытаннем, якой сыравінай яго загрузіць. З Чарнаморскага басейна нафта туды не пойдзе, паколькі прывязаная да даўно вызначаных канчатковых пунктаў прызначэння. А прывозіць нафту танкерамі і перавальваць ў Адэсе эканамічна проста нявыгадна».
Нагадаем, што першая пробная прапампоўка 80 тыс. т нафты для Беларусі праз нафтаправод Адэса - Броды адбудзецца 17 лістапада. Праўда, на ўдакладняльнае пытанне, ці будзе гэта венесуэльская нафта, першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка сказаў, што «гэта будзе іншая нафта». Ён таксама адзначыў, што ў цяперашні час Беларусь прапрацоўвае магчымасці атрымання нафты па схеме псап. «Гэта аптымальная схема пастаўкі, мы яе прапрацоўваем з рознымі нафтавымі кампаніямі, але паколькі гэта яшчэ знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі, дык канкрэтыкі я вам сказаць не магу», - сказаў Уладзімір Сямашка.
Міхаіл Арустамаў мяркуе, што ў хуткім часе Расея не будзе залежаць ад краінаў-транзіцёраў. «З улікам недалёкай перспектывы запуску парта ў Усць-Лузе мы дакладна ўжо ніяк не будзем залежаць ад краінаў, па якіх праходзяць трубаправоды, якія вядуць у чужыя парты. Партовыя магутнасці будзем выкарыстоўваць толькі свае, нават прымаючы пад увагу прагназаваны значны прырост айчыннай нафтаздабычы», - заявіў першы віцэ-прэзідэнт «Транснафты».
Балтыйскай трубаправоднай сістэме (БТС-2) ён таксама адводзіць ролю рэзервовай. «Не пабаюся такога параўнання: яна, як атамная бомба, - сродак стрымлівання, гарантыя ад палітычнага шантажу, - кажа ён. - Напрыклад, калі раптам узнікнуць праблемы з прапампоўкай па «Дружбе», мы зможам пусціць нафту па БТС-2. І хаця акружным шляхам, але роўна тыя ж аб'ёмы бесперабойна будуць паступаць еўрапейскім спажыўцам».
БТС-2 плануецца загружаць нафтай «Дружбы», якая пакуль ідзе на Гданьск. Акрамя таго, «разгрузіць крыху Прыморск, паколькі ён працуе на мяжы, а таксама здымем сыравіну з напрамкаў Броды - Адэса і Броды - Паўднёвы».
«Яшчэ нядаўна праблемы, якія ўзнікаюць з транзіцёрамі, маглі ўдарыць па нафтаздабычы. Асабліва негатыўныя наступствы гэта магло мець зімой. Бо калі нафту няма куды пампаваць - трэба прыкручваць свідравіны, а так можна і радовішча загубіць», - адзначыў Міхаіл Арустамаў.