У Барысаве добраахвотнікаў для сустрэчы з дыктатарам не знайшлося
62- 11.11.2010, 17:49
Заўтра ў Барысаў як патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты прыедзе Аляксандр Лукашэнка.
На сустрэчу з ім, якая плануецца пад адкрытым небам на месцы новага стадыёна, які будуецца, каманды БАТЭ, абавязваюць з’явіцца навучэнцаў каледжаў і вучылішчаў горада пад пагрозай выключэння за няяўку, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Да праваабаронцы Алега Мацкевіча па тэлефоне звярнуўся бацька ў роспачы навучэнца Барысаўскага політэхнікума. Прычына адчаю - дзіця прымушаюць з'явіцца на «сустрэчу з прэзідэнтам», пры гэтым не ўлічваецца яго стан здароўя. А хлопец мае другую групу інваліднасці па анкалагічным захворванні. «І ён будзе стаяць і мерзнуць пад адкрытым небам невядома колькі?! Патрэбная яму такая сустрэча з прэзідэнтам? Напэўна, здароўе даражэй!» - абураецца бацька. Прад'яўленне медыцынскіх дакументаў і просьбы вызваліць яго па стане здароўя ад стаяння ў масоўцы на сустрэчы з Лукашэнкам так і не падзейнічалі. Яму загадана абавязкова з'явіцца на будпляцоўку, інакш ён будзе адлічаны. Пасля размовы з праваабаронцам бацька збіраецца сам прыйсці ў каледж і прыстрашыць адміністрацыю, што ў выпадку рэпрэсіяў у дачыненні да сына, ён напіша ліст Лукашэнку.
Дарэчы, абавязковы ўдзел у заўтрашняй сустрэчы з патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты закрануў навучэнцаў усіх каледжаў і вучылішчаў Барысава. Ад кожнай навучальнай установы павінны быць накіраваныя сотні хлопцаў і дзяўчат.