З-за нацыянальнага сцяга ў беспрацоўнага адабралі кампутар
6- 12.11.2010, 8:55
У апазіцыянера Леаніда Аўтухова забралі кампутар у кошт штрафу, накладзенага летась за акцыю з бела-чырвона-белымі сцягамі.
Жыхар Гарадка Леанід Аўтухоў распавёў, што выплаціць штраф памерам 1 мільён 400 тысячаў, накладзены ў жніўні мінулага года, не змог і дагэтуль. Бо ён ужо тры гады беспрацоўны – старшыню раённай арганізацыі партыі БНФ на працу не бяруць, усе кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў ведаюць яго апазіцыйныя погляды і не хочуць, каб ён «псаваў» калектыў, перадае «Радыё Свабода».
Судовыя выканаўцы апісалі маёмасць Леаніда Аўтухова яшчэ летась, не гледзячы на тое, што штраф ён пакрысе выплачваў – па 10 тысячаў у месяц. Аднак два тыдні таму актывісту паведамілі, што гэта мала, і што ў яго будзе канфіскаваная маёмасць. 11 лістапада з хаты забралі кампутар і друкарку – іншых каштоўных рэчаў у апазіцыянера не было, толькі неабходны для жыцця мінімум – ложак, канапа, тэлевізар і г.д.
Ніякай нерухомасці, якую можна было б прадаць, у апазіцыянера не засталося. Месяц таму невядомыя спалілі яго пілараму – некалі Леанід Аўтухоў быў прыватным прадпрымальнікам, пілаваў дровы і развозіў іх на продаж.
Гарадоцкая служба МНС зрабіла выснову - быў здзейснены падпал. Аднак міліцыя, паводле Аўтухова, шукаць злачынцаў не бярэцца - яму ўжо паведамілі, што знайсці вінаватых немагчыма, а матэрыяльныя страты ацанілі ўсяго ў 350 тысячаў рублёў.