Расея гатовая на стварэнне СРА сумесна з ЗША
13- 12.11.2010, 11:04
Расея гатовая ўдзельнічаць у праекце стварэння сумеснай сістэмы супрацьракетнай абароны (СРА) сумесна з ЗША пры ўмове раўнапраўнага падыходу.
Пра гэта паведаміў журналістам у Сеўле міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў, перадае РБК. «Мы зыходзім з таго, што калі гэта будзе раўнапраўнае ўзаемадзеянне, пачынаючы з сумеснай ацэнкі магчымых рызыкаў, дык такое супрацоўніцтва цалкам магчымае», – сказаў ён.
Па словах кіраўніка МЗС, «пры гатоўнасці супрацоўнічаць узаемавыгадна» з боку НАТА прэзідэнт РФ Дзмітры Мядзведзеў выкажа пазіцыю Расеі па гэтым пытанні на саміце альянсу ў Лісабоне. Міністр таксама падкрэсліў, што калі сумесны праект ажыццявіцца, дык ён «у любым выпадку не будзе накіраваны супраць каго-небудзь».
Лаўроў дадаў, што ствараць сумесны каардынацыйны цэнтр СРА зараз «ніхто не думае». Пры гэтым ён выказаў меркаванне, што нават калі гэтае пытанне «ў ракетнай частцы не атрымаецца вырашыць», дык бакі ў любым выпадку дамовяцца пра далейшыя сумесныя дзеянні.
«Не думаю, што хто-небудзь у НАТА сур'езна мяркуе мець агульны ключ да такой (супрацьракетнай) сістэмы. Не думаю, што хтосьці мяркуе, што мы свой ключ аддамо ці аддадуць амерыканцы, але на аснове сумеснага патэнцыялу можна шукаць шляхі ўзаемадзеяння», – зрабіў выснову Лаўроў.
Раней генеральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусэн прапанаваў прыцягнуць Расею і іншых партнёраў Паўночнаатлантычнага альянсу да стварэння сістэмы супрацьракетнай абароны. Адпаведную заяву ён зрабіў на сустрэчы міністраў замежных справаў і абароны краінаў - чальцоў альянсу, якая прайшла ў Брусэлі. Прапанова заключаецца ў тым, каб ракетны шчыт пакрыў усю тэрыторыю НАТА і Расеі для адбіцця магчымых ракетных нападаў з боку Ірана і Паўночнай Карэі.
Адзначым, што 19-20 лістапада ў Лісабоне адбудзецца саміт Расея - НАТА. Прэзідэнт РФ Дзмітры Мядзведзеў заявіў пра свой асабісты ўдзел у гэтым мерапрыемстве.