9 чэрвеня 2026, aўторак, 17:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карл Шварцэнберг: Выбары – тэст для афіцыйнага Менска

9

15 лістапада ў Празе адбылася сустрэча кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева і міністра замежных справаў Чэхіі Карла Шварцэнберга.

Тэмамі абмеркавання сталі будучыня Беларусі, перадвыбарчая атмасфера ў дзяржаве, патэнцыйныя варыянты развіцця падзеяў у залежнасці ад сцэнара выбараў. Таксама падчас сустрэчы абмеркавалі аб'яднанне двух самых моцных канкурэнтаў Лукашэнкі – Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева.

Падчас сустрэчы Карл Шварцэнберг сказаў:

- Мы заўсёды паслядоўна падтрымлівалі дэмакратычныя працэсы ў Беларусі і тых, хто з'яўляўся рухавіком гэтых працэсаў. Такая пазіцыя захоўваецца сёння і будзе захоўвацца ў далейшым. Разам з тым, лічым важным працягваць дыялог з афіцыйнай Беларуссю.

Распавядаючы пра вынікі сустрэчы, Уладзімір Някляеў адзначыў:

- Перш за ўсё, падвялі вынікі кампаніі па зборы подпісаў. Яна была адносна свабоднай. Гэта мае прынцыповае значэнне для канструктыўнага працягу дыялогу Беларусь – ЕЗ. Але мы звярнулі ўвагу міністра замежных справаў Чэхіі на розніцу паміж «фасадам» афіцыйнага Менска і яго «задворкамі». Не варта цешыць сябе абяцаннямі, якія раздае Аляксандр Лукашэнка заходнім дыпламатам. За гэтымі словамі – толькі імітацыя дзейнасці ў накірунку, які задавальняе Еўразвяз і ЗША. І вельмі важна не прыняць імітацыю за рэальныя зрухі.

Напрыклад, галоўная праблема – манаполія ўлады на падлік галасоў – так і засталася непарушнай. У гэтых умовах казаць пра рэальнае волевыяўленне грамадзянаў не даводзіцца. Чарговая фальсіфікацыя выбараў становіцца рэальнай.

Разважаць у гэтым кантэксце пра далейшую дэмакратызацыю краіны – не даводзіцца.

Па словах Шварцэнберга, ЕЗ вельмі ўважліва назірае за ўсім, што адбываецца ў грамадзянскім і палітычным сектарах Беларусі. І выбары – гэта галоўны тэст для будучых рашэнняў і Чэхіі, і ўсяго Еўразвяза.

- Мы робім усё для перамогі, з'яўляючыся лідэрамі ў гэтай кампаніі, – у сваю чаргу падкрэсліў Някляеў. – Важным дасягненнем стала дамоўленасць пра цеснае супрацоўніцтва з Саннікавым. Спадзяюся, гэта паслужыць прыкладам і для астатніх удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі.

Гэтыя надзеі падзяліў і Шварцэнберг:

- Гэта вельмі важна, - каб апазіцыйныя сілы аб'ядноўваліся. Мы вітаем і падтрымліваем збліжэнне кандыдатаў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках