ААН падтрымала актывіста прафсаюза РЭП у спрэчцы з выбаркамамі і Вярхоўным Судом
4- 16.11.2010, 16:15
Камісія па правах чалавека ААН прызнала, што ўлады Беларусі парушылі правы актывіста прафсаюза працаўнікоў РЭП Леаніда Судаленкі падчас парламенцкіх выбараў 2004 года.
Прававы інспектар Беларускага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка ў 2004 годзе хацеў высунуць сваю кандыдатуру ў дэпутаты «палаты прадстаўнікоў». Яго ініцыятыўная група сабрала неабходную колькасць подпісаў. Аднак акруговая выбарчая камісія Хойніцкай выбарчай акругі № 49 адмовілася зарэгістраваць Леаніда Судаленку ў якасці кандыдата, абвінаваціўшы актывіста ў тым, што ён падаў звесткі «не адпаведныя рэчаіснасці», паведамляе Praca-by.info.
У той час Леанід Судаленка працаваў дарадцам па прававых пытаннях ААТ «Локон», а таксама ўзначальваў грамадскую арганізацыю «Прававая ініцыятыва». Ён праінфармаваў выбаркам пра сваё месца працы ў ААТ «Локон». Аднак чыноўнікі палічылі, што гэта не адпавядае рэчаіснасці, бо, паводлде іх меркавання, асноўнае месца працы было ў грамадскай арганізацыі. І хоць Леанід Судаленка падаў ім копію працоўнай кніжкі і запэўніў, што «Прававую ініцыятыву» ён узначальвае на грамадскіх пачатках, выбаркам свайго рашэння не змяніў.
Леанід Судаленка звяртаўся ва ўсе магчымыя інстанцыі краіны, уключаючы Вярхоўны Суд, даказваючы неправамернасць рашэння выбаркама. Тым не менш, канчатковы вердыкт улады застаўся ў сіле. Актывіст не змог удзельнічаць у выбарах. Тады ён падаў скаргу ў Камісію па правах чалавека ААН .
Паводле прынятага ў кастрычніку 2010 года рашэння Камісіі па правах чалавека ААН прадстаўнікі дзяржорганаў, якія адмовілі Леаніду Судаленку ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты парламента краіны, парушылі Міжнародны пакт пра грамадзянскія і палітычныя правы. У прыватнасці, міжнародныя эксперты канстатавалі, што беларускія ўлады пазбавілі актывіста права браць удзел у вядзенні дзяржаўных спраў, ужыўшы да яго дыскрымінацыю паводле яскрава выражаных палітычных матываў.
Камісія па правах чалавека ААН праінфармавала ўлады Беларусі пра тое, што яны абавязаны забяспечыць Леаніду Судаленку «эфектыўны сродак прававой абароны, уключаючы кампенсаванне, а таксама разгледзець любыя будучыя высілкі для яго вылучэння ў якасці кандыдата на выбары парламента ў поўнай адпаведнасці з Пактам».
– Нажаль, для беларускіх уладаў рашэнне Камісіі ААН носіць рэкамендацыйны характар, – пракаментаваў сітуацыю Леанід Судаленка. – Тым не менш, я маю намер звярнуцца ў суд з патрабаваннем выплаціць мне кампенсаванне за прычыненую маральную шкоду.
Але самае галоўнае ў гэтай гісторыі, паводле меркавання прафсаюзнага актывіста, гэта тое, што міжнародная грамадскасць лішні раз зможа пераканацца ў рэальнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.