Буту прад'яўлена афіцыйнае абвінавачванне: яму пагражае пажыццёвае зняволенне
9- 18.11.2010, 9:06
Экстрадаванага ў ЗША Віктара Бута вінавацяць у гандлі зброяй, змове з мэтай забойства грамадзян ЗША і падтрымцы тэрарызму.
Калі расеец будзе прызнаны вінаватым, яму пагражае ад 25 гадоў да пажыццёвага зняволення, паведамляе Lenta.ru.
Паведамляецца таксама, што Віктар Бут заявіў у судзе пра сваю невінаватасць.
Пачатак працэсу па гэтай справе прызначаны на 10 студзеня 2011 года.
Адвакат Сабрына Шроф, у сваю чаргу, распавяла, што абарона будзе хадайнічаць аб вызваленні Бута пад заклад. Да гэтага часу расеец застанецца ў турме.
РІА «Новости» адзначае, што федэральны суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрка, куды Бут быў дастаўлены для прад'яўлення абвінавачвання, прызначыў бізнэсоўцу дзяржаўнага адваката. Паводле словаў суддзі, гэта звязана з тым, што «немагчыма высветліць дакладна фінансавы стан абвінавачанага».
Раней 17 лістапада пракурор Паўднёвай акругі Прыт Бхарара даў прэс-канферэнцыю, падчас якой заявіў, у прыватнасці, што меркаваны саўдзельнік Бута, падданы Вялікабрытаніі Андрэй (Эндру) Смулян, пайшоў на здзелку са следствам.
Пасля арышту Смуляна, затрыманага ў ЗША ў сакавіку 2008 года, абарона Бута выяўляла засцярогі, што той можа пайсці на здзелку са следствам і даць сведчанні супраць расейскага бізнэсоўца.
Віктар Бут быў дастаўлены ў Нью-Ёрк з Тайланда 16 лістапада. Гэта стала магчымым пасля таго, як тайскі суд задаволіў хадайніцтва ЗША пра яго экстрадыцыю.