9 чэрвеня 2026, aўторак, 17:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хальцапфель: Супрацоўніцтва з Беларуссю магчымае толькі пасля выканання ўмоваў

1

Умовы звязаныя з адсутнасцю палітычных зняволеных, свабоднымі і справядлівымі выбарамі, развітымі СМІ.

Еўразвяз гатовы аднавіць перамовы з Беларуссю па пагадненні аб партнёрстве і супрацоўніцтве і пагадненні аб свабодным гандлі. Пра гэта заявіў кіраўнік беларускага прадстаўніцтва ЕЗ Жан-Эрык Хальцапфель 17 лістапада ў Менску на паседжанні круглага стала «Рэспубліка Беларусь — Еўрапейскі звяз: стратэгія ўзаемадзеяння ў гістарычнай перспектыве», перадае БелаПАН.

Пры гэтым Хальцапфель падкрэсліў, што аднаўленне перамоваў магчымае толькі ў выпадку прагрэсу Беларусі ў прапанаваных Еўразвязам «пяці ключавых галінах».

Ён нагадаў, што ключавыя галіны «звязаныя з адсутнасцю палітычных зняволеных, свабоднымі і справядлівымі выбарамі, развітымі СМІ, свабодай асацыяцыяў і рухам да адмены смяротнага пакарання».

Акрамя таго, па словах Хальцапфеля, ЕЗ распрацоўвае прамежкавы план дзеянняў для Беларусі ў межах Еўрапейскага інструмента суседства і партнёрства (ЕІСП). Беларусь, адзначыў ён, адзіная з краінаў ЕІСП, якая не мае плану дзеянняў у сувязі з «палітычным кантэкстам».

«Каб дасягнуць пэўнага прагрэсу, нягледзячы на адсутнасць плану дзеянняў, мы стварылі канцэпцыю сумеснага прамежкавага плану, якая можа дазволіць дыскусію з Беларуссю па шырокім спектры пытанняў», — паведаміў Хальцапфель.

Кажучы пра спрашчэнне візавага рэжыму паміж ЕЗ і Беларуссю, ён адзначыў, што па гэтым пытанні вядуцца перамовы. У той жа час, заўважыў кіраўнік беларускага прадстаўніцтва ЕЗ, «нішто не замінае Беларусі ратыфікаваць дамовы аб малым прымежным руху з Літвой, Латвіяй і Польшчай».

Круглы стол «Рэспубліка Беларусь — Еўрапейскі звяз: стратэгія ўзаемадзеяння ў гістарычнай перспектыве» арганізаваны Інстытутам філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў партнёрстве з прадстаўніцтвам ЕЗ у Беларусі.

Падчас паседжання з дакладамі выступілі надзвычайны і паўнамоцны пасланец галоўнага ўпраўлення Еўропы МЗС Беларусі Аляксандр Байчароў, шэраг беларускіх спецыялістаў у галіне гуманітарных навук. У мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі праграмы ТАСІС і амбасадаў краінаў ЕЗ у Беларусі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках