На плошчы Свабоды збіраюцца пратэставаць супраць беззаконня чыноўнікаў
9- 18.11.2010, 10:27
У Менгарвыканкам 17 лістапада пададзеная заяўка на правядзенне групай жанчынаў пікету супраць парушэння правоў грамадзянаў чыноўнікамі.
Пра гэта паведаміла БелаПАН заяўніца акцыі юрыст Тамара Сяргей.
Паводле яе словаў, пікетаванне запланаванае на 6 снежня з 13.00 да 15.00 на плошчы Свабоды з колькасцю ўдзельнікаў да 50 чалавек.
Як адзначыла юрыст, пікет накіраваны на прыцягненне ўвагі грамадства і дзяржавы да праблемы адпісак, паколькі «на свае абгрунтаваныя скаргі ў дзяржаўныя органы грамадзяне атрымліваюць не адказы па сутнасці, а лісты фармальнага зместу». Па словах Сяргей, супрацоўнікі Адміністрацыі прэзідэнта парушаюць Канстытуцыю і законы краіны, тым самым падаючы прыклад чыноўнікам іншых дзяржструктураў. «У сітуацыі, калі дзяржаўныя СМІ падрабязна асвятляюць маніторынг па працы мясцовых органаў улады са зваротамі грамадзянаў, які праводзіцца супрацоўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта, у прыёмнай адміністрацыі збіраюцца дзясяткі людзей, якія гадамі не могуць вырашыць свае набалелыя праблемы. Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Макей больш за год адмаўляе ў прыёме прадстаўнікам групы жанчынаў», — заявіла юрыстка.