Палітжаўнер Андрэй Цянюта шпіталізаваны з пнеўманіяй
12- 19.11.2010, 12:41
Актывіст «Маладога фронту» Андрэй Цянюта, які служыць у вайсковай частцы № 52500 у Віцебску, шпіталізаваны з пнеўманіяй і вірусным захворваннем.
З падазрэннем на пнеўманію Андрэй Цянюта шпіталізаваны яшчэ 14 лістапада, паведамляе прэс-служба «Маладога фронту». «Мяне завезлі ў Віцебскі шпіталь, дзе мне зрабілі здымак. Зараз я знаходжуся ў медыцынскай роце. Плануецца, што лячэнне зойме каля двух тыдняў», - распавёў Цянюта.
Медыкі паставілі вайскоўцу дыягназ «правабаковае запаленне правай долі лёгкіх».
Нагадаем, што медыкі прызналі актывіста «Маладога фронту» Андрэя Цянюту непрыдатным да вайсковай службы з прычыны плоскаступнёвасці і скаліёзу 2 ступені. Аднак ваенкамат перанакіраваў моладзевага актывіста на новае абследаванне, і напачатку верасня абласны клінічны шпіталь панізіў яму ступень скаліёзу.
Андрэя Цянюту неаднаразова прысуджалі да штрафаў і адміністрацыйных арыштаў за яго палітычную дзейнасць. У траўні 2009 года разам з іншымі моладзевымі актывістамі ён трымаў галадоўку салідарнасці з палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам.
Адзначым, што супраць моладзевых актывістаў у Беларусі з 2008 года дзейнічае так званы «палітычны прызыў». Незаконна ў армію былі прызваныя актывісты «Маладога Фронту» Зміцер Хведарук, Іван Шыла, Яўген Скрабец і Андрэй Цянюта, а таксама актывісты «Моладзі БНФ» Зміцер Жалезнічэнка і Франак Вячорка.