Чэшскія дэпутаты: Апазіцыйныя кандыдаты - моцныя асобы і годныя стаць прэзідэнтамі
2- 19.11.2010, 13:00
Прадстаўнікі Чэхіі прымуць удзел у назіранні за выбарамі прэзідэнта Беларусі.
Пра гэта паведаміў старшыня камітэта па замежных справах парламента Чэхіі Давід Вадражка сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску, паведамляе БелаПАН.
«Чэхія абавязкова прыме ўдзел у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Мы хочам быць інфармаванымі адносна практыкі правядзення выбараў, а таксама інфармаваць міжнародную супольнасць пра дэмакратызацыю ў Беларусі», — сказаў дэпутат.
Чэшскі парламентар паведаміў, што чэшская дэлегацыя назіральнікаў ужо сфармаваная, і яна будзе працаваць у складзе місіі назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ.
Вадражка таксама адзначыў, што апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты — «моцныя асобы, якія годныя стаць прэзідэнтамі». У той жа час ён лічыць, што «пэўная раздробленасць сярод апазіцыйных кандыдатаў грае на руку дзеючаму прэзідэнту».
«Мы заўважылі пэўныя паляпшэнні ў практыцы правядзення выбарчай кампаніі, у прыватнасці крыху большае ўключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчыя камісіі. Але гэтыя паляпшэнні касметычныя», — сказаў ён.
Вадражка падкрэсліў, што прадстаўніцтва палітычных партыяў у выбарчых камісіях павінна быць значна большым, чым адзін адсотак, як ва ўчастковых камісіях на цяперашніх выбарах прэзідэнта. «У Чэхіі прадстаўнікам палітычных партыяў гарантуецца ўключэнне ў выбарчыя камісіі. Калі б Беларусь пайшла па гэтым шляху, дык у плане правядзення выбарчых кампаніяў яна наблізілася б да еўрапейскіх стандартаў», — заявіў чэшскі парламентар.
Яшчэ адным з праблемных месцаў у практыцы правядзення выбарчых кампаніяў у Беларусі Вадражка назваў датэрміновае галасаванне. На яго думку, яно «абмяжоўвае празрыстасць выбарчага працэсу».
На думку Давіда Вадражкі, існаванне ў беларускім заканадаўстве артыкула 193-1 стварае вялікія складанасці для афіцыйнай рэгістрацыі палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў.
Чэшскія парламентары лічаць, што скасаванне гэтага артыкула паспрыяе большай адкрытасці Беларусі.
Візіт дэпутатаў Чэхіі ў Беларусь праходзіць з 17 па 19 лістапада. Мэтай візіту чэшскія парламентары назвалі вывучэнне палітычнай сітуацыі ў Беларусі, асаблівасцяў выбарчага перыяду, сітуацыі з правамі чалавека, перадае «Радыё Свабода».