Настаўнікі далі адпор «дэпутату»
27- 22.11.2010, 9:49
Людзям надакучыла прапаганда і пустыя абяцанні чыноўнікаў.
Дэпутат «палаты прадстаўнікоў» Яўген Казімірчык, які ўжо другі тэрмін прадстаўляе Бярозаўскі раён, выступіў перад педагагічнымі калектывамі і вучнямі старэйшых класаў СШ № 2 Бярозы і СШ № 1 Белаазёрска.
«Дэпутат» азнаёміў прысутных з «Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011-2015 гг.» Паказаў новы твар беларускай дзяржавы, раскрываючы асноўную мэту паступальнага руху нашай дзяржавы. Казімірчык даводзіў да педкалектыва, што праз 5 гадоў якасць жыцця беларусаў наблізіцца да еўрапейскага ўзроўню», - піша раённая газета «Маяк».
Разам з тым «дэпутат» Казімірчык даў зразумець, што гэта ўсё магчыма толькі пад мудрым кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі, удакладняюць настаўнікі Белаазёрскай школы.
У іх хвалю абурэння выклікалі словы «дэпутата» пра тое, што дзякуючы Лукашэнку ў іх школе быў зроблены рамонт. «Народны абраннік» пачуў у адказ на гэта, што Лукашэнка не з уласнай кішэні грошы даў. Пасля папроку настаўнікаў адносна таго, што выбарчую кампанію тэлебачанне асвятляе аднавектарна, гаворка «дэпутата» была спыненая - ён не знайшоўся, што сказаць, пішуць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».