Дзяржпрапагандысты Беларусі абвінавацілі расейскіх журналістаў у паклёпе
11- 22.11.2010, 15:07
Першы тэлеканал дзяржаўнага тэлебачання Беларусі абвінаваціў рэдакцыю расейскай газеты «Известия» ў хлусні.
У нядзельнай тэлепраграме «У цэнтры ўвагі» Агенцтва тэленавінаў БТ-1 вядучы Юрый Пракопаў заявіў: «Скажэнне фактаў для расейскіх журналістаў у апошні час стала традыцыяй». Ён анансаваў рэпартаж АТН, у якім змяшчаліся прамыя абвінавачванні рэдакцыі расейскай газеты «Известия» ў хлусні, скажэнні слоў кіраўніка кампаніі «АТЕС» Аляксандра Мураўёва адносна бізнэс-клімату ў краіне, настрояў у грамадстве, паведамляе ІА «Регнум».
Контрпрапагандысцкі сюжэт быў заснаваны на цытаванні апублікаванага ў «Известиях» матэрыялу «Апошні спектакль для бізнэсу», які змяшчае шэраг негатыўных выказванняў аднаго з вядучых беларускіх бізнэсоўцаў Аляксандра Мураўёва з нагоды ўплыву перадвыбарнай кампаніі на бізнэс-клімат у Беларусі, і ўзятым у Мураўёва post factum тэлежурналістамі БТ-1 інтэрв'ю. Бізнэсовец адмаўляў факт тых ацэнкавых меркаванняў, якія ад яго імя трапілі ў тэкст расейскага выдання. На падставе гэтага ў тэлесюжэце была зроблена выснова пра тое, што ў расейскіх выданнях наогул і ў газеце «Известия» ў прыватнасці «адкрыты паклёп стаў нормай».
Паводле меркавання менскіх дзяржпрапагандыстаў, рэдакцыя «Известий» выконвае замову Крамля - менавіта гэтым тлумачацца змены ў падачы матэрыялаў газеты, што асвятляюць беларускія рэаліі. Што да кампаніі «АТЕС» Аляксандра Мураўёва, то дзяржжурналісты адзначылі, што яе чакае «вялікая перспектыва».