Еўразвяз заклікалі пакласці канец беларускай дыктатуры
16- 24.11.2010, 16:33
Па ўсёй Еўропе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў пройдуць акцыі «Вольная Беларусь-2010».
Як паведамляе БелаПАН, арганізацыя «Маладыя еўрапейскія федэралісты» (МЕФ) у Дзень беларускай салідарнасці 16 снежня правядзе міжнародную акцыю «Вольная Беларусь 2010». Афіцыйны сайт арганізацыі паведамляе, што акцыя, якая пройдзе ў гарадах Еўропы, прымеркаваная да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
«Усе аддзяленні МЕФ, няўрадавыя арганізацыі, актывісты ў Еўропе і па ўсім свеце заклікаюцца прыняць удзел у масавым пратэсце супраць апошняй дыктатуры на еўрапейскім кантыненце і запатрабаваць дэмакратызацыі краіны. Людзі ў Беларусі павінны атрымаць рэальную магчымасць выбару, а таксама голас, каб выказвацца», – гаворыцца ў паведамленні МЕФ.
Чакаецца, што ў межах акцыі актывісты будуць завязваць роты статуям на вуліцах еўрапейскіх гарадоў і правядуць кампаніі ў сацыяльных сетках, а сайт www.thenewfederalist.eu апублікуе шэраг артыкулаў, прысвечаных Беларусі.
МЕФ таксама плануе правесці лабісцкія акцыі, накіраваныя на адказных службоўцаў у Брусэлі і іншых гарадах.
МЕФ заклікае ЕЗ прыняць «мэтавы ўдзел» ва ўсталяванні працэдуры дэмакратычных выбараў у Беларусі «назаўжды». У прыватнасці, арганізацыя патрабуе, каб Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан «садзейнічала пашырэнню супрацоўніцтва паміж дзяржавамі — чальцамі ЕЗ і еўрапейскімі інстытутамі з мэтай пакласці канец беларускай дыктатуры».