9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі рэжым гатовы развязаць новую «газавую вайну»

17

Улады Беларусі гатовыя спрачацца з Расеяй адносна кошту транзіту прыроднага газу.

Прынцыповая пазіцыя беларускага боку ўжо агучаная - тарыф на прапампоўку газу павінен павялічыцца, пішуць «Беларускія навіны».

«У бягучым годзе тарыф на прапампоўку газу складае 1,88 даляра (за 1 тыс. куб. м на 100 км). У наступным годзе ён складзе 2 даляры па дамове, а гэта рост на 6%, а далей будзем спрачацца», - заявіў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка на пасяджэнні прэзідыюма Саўміна па абмеркаванні праекта праграмы развіцця транзітнага патэнцыялу Беларусі на 2011-2015 гады.

Украіна, па словах віцэ-прэм'ера, ужо сёння аказвае паслугу па прапампоўцы газу зыходзячы з тарыфнай стаўкі ў 2,5 даляра. А калі кошт газу для Беларусі зраўняецца з украінскім, дык у беларускага боку будуць усе падставы павысіць тарыфную стаўку на транзіт.

Абмяркоўваць з расейскім бокам кошт транзіту газу ў 2012 годзе беларускім перамоўшчыкам прыйдзецца разам з абмеркаваннем кантракту на пастаўку газу на 2012-2015 гады і кошту паставак. Таму спрэчка абяцае быць доўгай і гарачай.

У што гэта можа выліцца, бакі прадэманстравалі бягучых летам. Спачатку «Газпрам» з 21 чэрвеня пачаў скарачаць пастаўкі газу ў Беларусь з-за запазычанасці ў 187 млн. даляраў, якая ўтварылася (Беларусь аплачвала пастаўкі газу не па кантрактным кошце, а па сярэднегадавым - 150 даляраў за тысячу кубоў).

Але ўжо 23 чэрвеня Беларусь прыстрашыла Расею прыпыненнем транзіту газу ў Еўропу, калі «Газпрам» не пагасіць сваю запазычанасць у 260 млн. даляраў за прапампоўку газу па нашай тэрыторыі. Аказалася, што «Газпрам» плаціў за транзіт газу па стаўцы 1,45 даляра замест 1,88 даляра.

Праўда, у той спрэчцы было больш палітыкі, чым эканомікі. «Таму складана сказаць, як будуць працякаць новыя перамовы і чаго можна чакаць пасля», - адзначае партнёр кансалтынгавай кампаніі Rus Energy Міхаіл Круціхін.

Тым не менш, эксперт прадчувае, «што гандаль па тарыфах на транзіт будзе жорсткім. У «Газпрама» не самае добрае фінансавае становішча. У расейскага трубаправоднага газу з'явіўся сур'ёзны канкурэнт у выглядзе звадкаванага прыроднага газу Катара, Нігерыі, Алжыра. Кошты на спотавых рынках на звадкаваны газ на 70-80 даляраў за тысячу кубаметраў ніжэй, чым на газпрамаўскі. І ўсе кліенты «Газпрама» настойваюць на пераглядзе кантрактаў, на зніжэнні коштаў, на змене умоваў. Таму «Газпрам» пры перамовах аб кошце транзіту газу праз Беларусь будзе гандлявацца за кожную капейку».

Але і Беларусь не хоча зніжаць даходы ад транзіту газу, больш за тое - зацікаўленая іх павялічыць, нягледзячы на максімальную загрузку магутнасцяў. Беларусь разлічвае, што на працягу бліжэйшых пяці гадоў штогадовы аб'ём транзіту газу ў Еўропу складзе прыкладна 43 млрд. кубаметраў. «Гэта максімальная загрузка нашай газатранспартнай сістэмы. У бліжэйшыя гады фізічнага павелічэння аб'ёмаў транзіту не будзе, але тарыфы будуць расці», - адназначна канстатаваў Сямашка.

Як падкрэсліў аналітык ІФК «Метраполь» Аляксандр Назараў, «асноўная крыніца выдаткаў на транзіт - гэта кошт самога газу. Калі кошт на газ падвышаецца, лагічна патрабаваць і павышэння кошту транзіту. Іншая справа, што гэтыя два кошты павінны паміж сабой карэляваць».

Па словах эксперта, пытанне па кошце транзіту - «абмяркоўваецца, саступкі, хутчэй за ўсё, будуць зробленыя абодвума бакамі. Да прыпынення транзіту газу, думаю, справа не дойдзе».

Закранаючы наяўнасць палітычнага аспекту ў энергетычных ўзаемаадносінах, Назараў канстатаваў, што «палітыкам абедзвюх краінаў трэба трымаць твар і не рабіць выгляд, што яны саступаюць інтарэсам сваёй краіны на карысць інтарэсаў іншай дзяржавы. Градус публічных заяваў на самой справе вышэй, чым градус дзелавых перамоваў, якія праходзяць паміж краінамі».

Між тым Беларусь разлічвае павялічыць тарыф не толькі на транзіт газу, але і на прапампоўку нафты. Сямашка нагадаў, што паміж беларускім і расейскім бакамі падпісаны шэраг дакументаў па пастаўках нафты: «Кожны год тарыфы пераглядаюцца ў прывязцы да курсу даляра. Наш тарыф у расейскіх рублях. Аднак рубель патаннеў адносна даляра і, ёсць у нас такая інфармацыя, далей будзе таннець».

За кошт росту тарыфу Беларусь разлічвае павялічыць даходы ад транзіту нафты нават нягледзячы на чаканае падзенне фізічных аб'ёмаў транзіту ў сувязі з запускам нафтаправода БТС-2 ўжо ў пачатку наступнага года.

У гэтай сувязі Сямашка раскрытыкаваў аўтараў праекту дзяржпраграмы развіцця транзітнага патэнцыялу Беларусі на 2011-2015 гады. Штогадовы аб'ём даходаў ад транзіту нафты, згодна з праектам, будзе складаць каля 200 млн. даляраў. Але рост прыбыткаў пры гэтым не прадугледжаны, што не стыкуецца з планамі ўрада. Сямашка перакананы, што праект праграмы неабходна дапрацаваць з улікам чаканага росту тарыфаў на прапампоўку нафты.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках