Рука руку мые
6- 30.11.2010, 10:05
Вярхоўны Суд і «палатка» не задаволілі звароты жыхароў Салігорска, якія патрабавалі адмены рэгістрацыі кандыдатам Лукашэнкі і зняцця яго з пасады.
У сваіх адказах суддзі Вярхоўнага Суда А.Церэх і Р.Філіпчык адмовілі заяўнікам ва ўзбуджэнні справы «ў сувязі з адсутнасцю ў заяўнікаў права на зварот у суд, калі пазоўная заява не падлягае разгляду ў судах з прычыны яе непадведамаснасці». Вярхоўны Суд, спасылаючыся на ч.15 арт.68 Выбарчага Кодэкса, прызнае за сабой права змяніць рашэнне ЦВК толькі аб адмове ў рэгістрацыі кандыдата. «Абскарджанне рашэнняў Цэнтральнай камісіі аб рэгістрацыі асобаў, вылучаных кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, заканадаўствам не прадугледжана», - адзначаецца ў адказе, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Камісія «палаты прадстаўнікоў» па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце наогул не стала турбаваць сябе падрыхтоўкай грунтоўнага прававога і юрыдычна пісьменнага адказу на зварот грамадзянаў, абмежаваўшыся літаральна адным сказам. «На думку «дэпутатаў» - чальцоў Камісіі падставаў для правядзення працэдуры, прадугледжанай ч.2 арт.88 (аб зняцці прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з пасады), не маецца», - сцвярджаецца ў лісце за подпісам старшыні камісіі А.Байкова.