У Беларусі друкуюць занадта шмат грошай
22- 5.11.2010, 9:39
Макраэканамічная палітыка Беларусі пагоршылася і стала экспансіўнай, заявілі эксперты на Менскім форуме.
«Пасля заканчэння праграмы МВФ у сакавіку бягучага года эканамічнае становішча ў Беларусі было дастаткова добрым, стабільным. З таго часу макраэканамічная палітыка пагоршылася. Яна стала вельмі экспансіўнай. У кароткатэрміновай перспектыве гэта прывядзе да станоўчых вынікаў, павысіць прадукцыйнасць працы. Але, тым не менш, інфляцыя ў наступныя гады будзе ўзрастаць. Мы ўпэўненыя, што ў наступным годзе інфляцыя павялічыцца і, акрамя таго, з прадукцыйнасцю таксама ўзнікнуць праблемы». Пра гэта падчас Менскага форуму, які праходзіў у Беларусі XIII, заявіў кіраўнік Германскай кансультатыўнай групы эканамічных рэформаў у Беларусі Рыкарда Джучы, перадае «Штодзённік».
Паводле яго словаў, нягледзячы на тое, што беларуская эканоміка дэманструе нядрэнныя паказчыкі, эканамічную мадэль, якая дзейнічае зараз, неабходна мяняць. Што ж не задавальняе нямецкіх эканамістаў?
Манетарная палітыка
Грошай у Беларусі выпускаецца вельмі шмат. Паводле словаў Р. Джучы, рост грашовай масы на 80% у год - гэта вельмі шмат. «Гэта занадта экспансіўная грашовая палітыка», - адзначыў эксперт.
Масіраванае павышэнне зарплаты дзяржслужачым больш чым на 30% прывядзе да сур'ёзных праблемаў у наступным годзе. «Павышэнне зарплаты - гэта наогул праблематычна з пункту гледжання развіцця эканомікі, таму што ў вас ёсць дэфіцыт гандлёвага балансу. У гэтай сітуацыі павышэнне заробкаў прывядзе да праблемаў міжнароднай канкурэнцыі. Таму зарплату трэба стрымліваць. Калі яна падвышаецца - гэта прывядзе да павелічэння дэфіцыту гандлёвага балансу».
Гандлёвы баланс
Як адзначыў Рыкарда Джучы, сур'ёзны рост адмоўнага сальда гандлёвага балансу другі год запар кампенсуецца не ростам замежных інвестыцыяў, а ростам знешніх пазыкаў. Паводле словаў нямецкага эканаміста, такую сітуацыю можна патлумачыць крызісам, але працягваць працаваць па той эканамічнай мадэлі, што і апошнія два гады, - нельга. Аднойчы знешні доўг стане такім вялікім, што Беларусь не зможа яго больш абслугоўваць. Таму дэфіцыт гандлёвага балансу неабходна скарачаць, а фінансаванне рабіць больш здаровым, пераходзячы на прамыя інвестыцыі.
Курс беларускага рубля
Нацыянальны банк вельмі добра утрымліваў курс падчас крызісу, гэта сапраўды было фактарам стабілізацыі ва ўмовах шматлікіх знешніх шокаў. Але тут, па словах Рыкарда Джучы, праблемай таксама з'яўляецца рост заробку да 500 даляраў. У прыватнасці, сама прывязка да даляра. У гэтых умовах гнуткасць абменнага курсу абмяжоўваецца, г.зн. стрымліваецца магчымасць манеўраваць для Нацбанка, што зноў жа не з'яўляецца здаровай сітуацыяй. «Мы заўсёды кажам: калі мэты якія-небудзь па зарплаце ставяцца, дык гэта трэба рабіць у нацыянальнай валюце», - адзначыў эксперт.
Прыватызацыя
Прыватызацыя - ідэальны інструмент для краіны, каб справіцца са сваімі праблемамі. Аднак тут патрэбныя дакладныя, зразумелыя падыходы, а таксама рэальныя кошты. Таму што дзяржчыноўнікі звычайна трымаюцца за «бухгалтэрыю фірмы», а не за сучасныя падыходы і метады гаспадарання.
Гандлёвая палітыка
Арыентацыя ў межах Мытнага звяза на Расею і Казахстан не з'яўляецца дыверсіфікацыяй. Гэтыя рынкі, на думку Рыкарда Джучы, вычарпаныя. Тут прыярытэт - ўступленне ў СГА. Гэта дазволіць павялічыць збыт прадукцыі ў трэція краіны і прывядзе да збліжэння з Еўразвязам.