Беларускія ўлады адлоўліваюць аўстрыйскіх інвестараў у адным і тым жа офісе Вены
19- 8.11.2010, 12:56
Улады працягваюць актыўна «мадэрнізоўваць» эканоміку інвестыцыямі ў спартыўна-забаўляльныя цэнтры.
Як паведаміў сёння прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Віталь Сямашка, аўстрыйская кампанія Swiss Town Consult AG мае намер разнастаіць Менск заламі для боўлінга, трэнажорнымі заламі, басейнамі і невялікімі гасцінічнымі комплексамі, а таксама мадэрнізаваць размешчаныя за рысай сталіцы спартыўныя комплексы і базы, уключаючы коннаспартыўны ў Ратамцы, піша АФН.
Сямашка ўдакладніў, што ў бліжэйшы час інвестар плануе адкрыць у Беларусі сваё прадстаўніцтва, пасля чаго пачне працу на беларускім рынку.
Зрэшты, у дадзеным выпадку вялікую цікавасць уяўляе не сфера будучых інвестыцый чарговага інвэстара з Аўстрыі, колькі адказ на пытанне «А што такое аўстрыйская Swiss Town Consult AG?».
Пошук у інэце прыводзіць на сайт швейцарскай кампаніі Swiss Town Consult AG (Цюрых), асноўны від дзейнасці якой - распрацоўка архітэктурных праектаў (дэвелапер). Даведацца што-небудзь больш, не ўяўляецца магчымым, паколькі ўвесь сайт складаецца з адной старонкі-візітоўкі. Дадатковыя намаганні дазваляюць атрымаць інфармацыю пра тое, што швейцарская кампанія была зарэгістраваная ў 2002 годзе са статутным фондам у 100 тыс. швейцарскіх франкаў.
Аднак Мінспорту вядзе размову пра аўстрыйскую кампанію. Пошук прыводзіць у Вену, а дакладней на адну вельмі знаёмую беларускім чыноўнікам вуліцу Wallnerstrasse, 3 (дадатковую інфармацыю пра аўстрыйскую Swiss Town Consult AG знайсці не атрымалася). А знаёмы гэты венскі адрас тым, што паштовую скрыню яшчэ аднаго буйнога аўстрыйскага інвестара Avonside Holdings GmbH, які падрадзіўся стварыць для беларускай ДАІ сістэму фота і відэа фіксацыі перавышэння хуткасці, зарэгістраваны таксама на Wallnerstrasse, 3.
Узнікае адчуванне, што апыніся радавы беларус у гэтым офісным будынку пасярод Вены ў разгар працоўнага дня, ён адчуе сябе як дома.
Цікавы момант заключаецца ў тым, што з моманту першага ўзгадвання ў беларускай прэсе пра Avonside Holdings GmbH, «візітоўка» (мінімальны набор інфармацыі) гэтай кампаніі да цяперашняга часу знік з двух адзіных сайтаў-каталогаў у інтэрнэце...