Галявы пас Салея дапамог «Дэтройту» адолець «Фінікс»
- 9.11.2010, 12:16
Мінулай ноччу ў чэмпіянаце НХЛ адбыўся ўсяго адзін матч, у якім «Дэтройт» вырваў у авертайме перамогу над «Фініксам».
Вырашальная шайба «Дэтройта» была закінутая пры непасрэдным удзеле капітана зборнай Беларусі Руслана Салея, які запісаў на свой рахунак асістэнцкі бал, паведамляе БелТА.
«Дэтройт» - «Фінікс» - 3:2 (у авертайме) (1:1, 0:1, 1:0, 1:0). Шайбы: 1:0 - Кліры (Рафальскі, Мадана, 1.40), 1:1 - Ганзал (Д. Морыс, 19.05), 1:2 - Яндл (Карпікоскі, 27.31), 2:2 - Лідстрэм (Б.Сцюарт, Дацюк, 47.24), 3:2 - Сэтэрберг (Салей, Бертуці, 61.23). Кідкі: 40-31 (14-9, 11-13, 12-8, 3-1). Штраф: 6-8.
На 2-й хвіліне авертайма, калі ў суперніка быў адкладзены штраф, Руслан Салей, атрымаўшы папярочны пас з процілеглага флангу ад Тода Бертуці, стрэліў па варотах ад левага кола ўкідання. Галкіпер «Фінікса» Ілля Брызгалоў з кідком справіўся, але на дабіванні паваротлівей за ўсіх аказаўся швецкі легіянер «Дэтройта» Хенрык Сэтэрберг.
Усяго Руслан Салей правёў на пляцоўцы 22 хв. (26 зменаў), зарабіў 1 (0+1) бамбардзіроўскі бал, выканаў 4 кідкі ў створ варотаў, ужыў 2 сілавыя прыёмы і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+1».
Лідарам беларускага дэсанта па бамбардзіроўскіх паказчыках у цяперашнім чэмпіянаце НХЛ з'яўляецца 25-гадовы нападнік «Манрэаля» Андрэй Касціцын, які зарабіў 10 (6+4) балаў пасля 14 матчаў.
На рахунку 26-гадовага форварда «Таронта» Міхася Грабоўскага 8 (1+7) балаў у 13 паядынках, 35-гадовы абаронца «Дэтройта» Руслан Салей згуляў 13 матчаў і зарабіў 3 (0+3) дзейсных балы, 23-гадовы форвард «Нэшвіла» Сяргей Касціцын пасля 9 праведзеных матчаў набраў 3 (2+1) балы.
Каманда Андрэя Касціцына «Манрэаль» з 17 баламі пасля 14 сустрэчаў займае трэцяе месца ва Усходняй канферэнцыі. «Таронта», набраўшы 13 балаў пасля 13 паядынкаў, размяшчаецца на 11-м радку на Усходзе. «Дэтройт» з 19 баламі пасля 13 матчаў займае 4-ю пазіцыю на Захадзе. Каманда Сяргея Касціцына «Нэшвіл» з 13 баламі пасля 12 паядынкаў размяшчаецца на 12-м месцы ў Заходняй канферэнцыі.
Бліжэйшай ноччу «Манрэаль» з Андрэем Касціцыным будзе змагацца дома з «Ванкуверам», а «Таронта» з Міхасём Грабоўскім згуляе ў гасцях у «Тампы».