Літва і Беларусь не падпісалі пагадненне аб транзіце венесуэльскай нафты
12- 9.11.2010, 16:38
Літва не імкнецца да супрацоўніцтва з Беларуссю па перавалцы венесуэльскай нафты праз порт Клайпеды любой цаной.
Пра гэта заявіў 9 лістапада намеснік міністра энергетыкі Літвы Ромас Шведас, перадае БелаПАН.
Паводле яго словаў, магутнасці літоўскага нафтатэрмінала Klaipedos nafta будуць задзейнічаны цалкам, нават калі Беларусь адмовіцца ад планаў па перавалцы венесуэльскай нафты праз порт Клайпеды.
«Мы паспрабавалі - усё добра. Цяпер калі нашыя беларускія суседзі захочуць супрацоўнічаць, калі захочуць замаўляць работы па перавалцы у Клайпедскім тэрмінале, мы гатовыя сур'ёзна абмяркоўваць, ужо абмеркавалі асноўныя прынцыпы. Калі нашыя беларускія суседзі не захочуць гэтага, для нас гэта таксама не бяда. Мы нічога не прайграем, паколькі, як вядома, Klaipеdos nafta працуе на 100% сваёй магутнасці», - сказаў намеснік міністра энергетыкі Літвы.
Нагадаем, пра транзіт венесуэльскай нафты праз Клайпедскі марскі порт Беларусь і Літва дамовіліся ў пачатку кастрычніка. Чакаецца, што ў бліжэйшыя два гады праз порт Клайпеды будзе штогод транспартавана не менш за 2,5 млн тон венесуэльскай нафты.
Тым не менш Беларусь і Літва пакуль не падпісалі пагадненне аб транзіце венесуэльскай нафты, хоць раней планавалася, што дакумент будзе падпісаны да канца кастрычніка.
29 кастрычніка прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс заявіў, што нафтатэрмінал Klaipedos nafta мае патрэбу ў гарантыях пастаўкі нафты з Венесуэлы. Гэтае пытанне, паводле яго словаў, адзіная перашкода для транзіту венесуэльскай нафты праз Літву, паколькі палітычная дамоўленасць ўжо ёсць.