У Менску пікетавалі за вуліцу Быкава (Фота)
38- 9.11.2010, 17:28
9 лістапада ў Менску прайшла акцыя, удзельнікі якой запатрабавалі перайменаваць вуліцу Ульянаўскую ў вуліцу імя Васіля Быкава.
У 13.00 каля трох дзясяткаў актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» сталі на вуліцы Ульянаўскай. У руках яны трымалі сцягі кампаніі «Гавары праўду!» і транспаранты з выявай таблічак, якія абазначаюць вуліцу і нумары дамоў, дзе было напісана: «Вуліца Васіля Быкава» і нумар дома, перадае БелаПАН.
Падтрымаць акцыю прыйшлі лідар кампаніі «Гавары праўду!» прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Уладзімір Някляеў, паэт Генадзь Бураўкін, старшыня Беларускага саюза пісьменнікаў Алесь Пашкевіч і яго намеснік, рэдактар часопіса «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч.
У сувязі з сітуацыяй, якая склалася з перайменаваннем вуліцы падрыхтаваныя звароты да 57 дэпутатаў Менгарсавета. У кожным звароце паказана, што больш за 100 000 чалавек падпісаліся за перайменаванне вуліцы Ульянаўскай у вуліцу Васіля Быкава.


