Еўразвяз назваў умовы збліжэння з Беларуссю
12- 1.12.2010, 15:37
Адсутнасць палітычных зняволеных, рэформа выбарчага кодэкса і свабода СМІ - адныя з галоўных умоваў ЕЗ.
Адносіны ЕЗ з Беларуссю будуць залежаць ад правядзення шэрагу дэмакратычных рэформаў у краіне, заявіў у аўторак еўракамісар па пашырэнні ЕЗ і еўрапейскай палітыцы суседства Штэфан Фюле.
«З Беларуссю нашае ўзаемадзеянне будзе залежаць галоўным чынам ад рэформаў у пяці ключавых для дэмакратызацыі абласцях: адсутнасць палітычных зняволеных, рэформа выбарчага кодэкса, свабода прэсы і няўрадавых арганізацый, адмена смяротнага пакарання», - заявіў Фюле, выступаючы ў Калумбійскім універсітэце Нью-Ёрка, перадае РІА «Новости».
Тэкст выступу распаўсюдзіла ў сераду прэс-служба Еўракамісіі.
«Ізаляваць краіну ў сэрцы ў Еўропе - гэтага не атрымалася дагэтуль, не спрацуе гэта і ў будучыні. Таму мы шукаем шляхі сур'ёзнага ўзаемадзеяння з Беларуссю, засяродзіўшы ўвагу на рэформах, якія мы лічым неабходнымі», - указаў еўракамісар.
Фюле паведаміў, што ЕЗ будзе ўважліва сачыць за прызначанымі на 19 снежня прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі.
Беларусь удзельнічае ў праграме ЕЗ «Усходняе партнёрства», запушчанай у траўні 2009 года ў Празе. Праграма накіраваная на палітычнае і эканамічнае збліжэнне ЕЗ з Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй, Малдовай, Украінай і Беларуссю, але не мае пад сабой іх чалецтва ў ЕЗ.