9 чэрвеня 2026, aўторак, 17:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Алексіевіч: «Беларусы павінны прадэманстраваць, што яны здольныя на ўчынак»

9

У Варшаве і Познані прайшлі сустрэчы чытачоў з беларускім празаікам.

У варшаўскім выдавецтве «Czarne» выйшла кніга Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Гэта сотае выданне самага вядомага твора пісьменніцы. У наступным годзе ў Польшчы таксама будуць выдадзеныя «Апошнія сведкі» і «Чарнобыльская малітва». Ёсць дамоўленасць і пра публікацыю новага рамана Алексіевіч, які яшчэ ляжыць на працоўным стале — «Час сэканд-хэнд. Канец «чырвонага чалавека». Дарэчы, некалькі тэатраў — у Гановеры і Парыжы — паставілі п'есы па ўрыўках з гэтай кнігі, якія ўжо публікаваліся ў перыядычных выданнях, піша «Народная воля».

У Варшаве і Познані ў пісьменніцы было некалькі сустрэч з чытачамі і шмат інтэрв'ю.

— «У вайны не жаночы твар», як казалі мне палякі на сустрэчах, стала для іх у нейкім сэнсе адкрыццём, таму што кніга разбівае дзесяцігоддзямі бытуючы пра нас у Польшчы міф толькі як пра homo soveticus. У іх наогул дагэтуль няголасна прынята: пра савецкіх дрэнна ці ніяк. «А тут нечаканыя жаночыя вобразы, якія ўражваюць! — дзяліліся яны са мной уражаннямі. — Рускія, аказваецца, жахліва пакутавалі...» Зрэшты, гэтая нота знаёмая мне і па іншых краінах Усходняй Еўропы, дзе перакладалі маю кнігу, — распавядае Святлана Аляксандраўна. — Інтэлігенцыя не прабачыла савецкую акупацыю, Сталін зацьміў трагедыю савецкага народа. Але я многіх маіх чытачоў шакавала, калі сказала, што, напрыклад, не лічу свайго бацьку homo soveticus. Ён ваяваў. Калі фронт перайшоў нашыя межы, ён распавядаў, што, як і многія, быў здзіўлены ўзроўнем жыцця ў Еўропе, дзе нават у бліндажах ляжалі прасціны і пахла кавай. Пасля вайны настаўнічаў. Кар'еру не зрабіў, таму што ажаніўся з маёй маці — жанчынай з акупаванай тэрыторыі. Гэта назаўжды стала «плямай» на біяграфіі. «Як вы ўсё гэта дапусцілі? Чаму цярпелі?» — чуў ён у новы час абураныя пытанні да свайго пакалення. І вось ужо перад самым сваім сыходам з жыцця сам задаў мне падобнае пытанне: «А што ж вы, разумныя, адукаваныя, церпіце столькі гадоў уладу Лукашэнкі?» І я запытвала польскіх чытачоў: «А чаму цярпелі сацыялізм і Саветы вашыя бацькі? Чаму вы іх за гэта не называеце «гома сацыялістыкус»?» Відаць, таму што таталітарны механізм працуе так, што чалавек адчувае сябе матылём у цэменце. Чалавек пры такой сістэме абезрухомлены. Вось пра што я пішу ў сваіх кнігах.

— Гутарка гэтая вельмі патрэбная, — працягвала далей пісьменніца. — У Польшчы цяпер вельмі няпростая сітуацыя, пасля Качыньскіх краіна расколатая... Першае адчуванне, калі прылятаеш, — бедная краіна. Але нябачна на ўсім прысутнічае годнасць. Палякі запытвалі пра нашыя выбары. Я супраць таго, каб не ісці на выбары. Людзі павінны пайсці і прадэманстраваць, што яны здольныя на ўчынак.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках